Візіт Анішчанкі ў Беларусь адкладзены з-за сустрэчы Мядзведзева і Лукашэнкі
- 26.08.2009, 10:39
У пачатку тыдня галоўны санітарны ўрач збіраўся ў Беларусь, але раптам адклаў вылет.
Галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка вымушаны адкласці візіт у Менск. У Маскве не выключаюць, што яго візіт можа парушыць малочнае перамір'е перад перамовамі Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі ў чацвер, паведамляе life.ru.
Яшчэ ў панядзелак Анішчанка збіраўся ў Менск. Планаваў абмеркаваць меры па барацьбе са свіным грыпам і паставіць кропку ў гісторыі з імпартам малочнай прадукцыі. Але ў самы апошні момант яго асадзілі.
«Ён пакуль не прыедзе ў Менск», - сказаў Вадзім Гусеў, супрацоўнік амбасады Расеі ў Беларусі.
Як адзначае «Інтэрфакс», візіт Анішчанкі павінен адбыцца ў хуткім часе.