BE RU EN

Гомельскія суддзі не ведаюць беларускай мовы

  • 26.08.2009, 13:19

Суд Савецкага раёна Гомеля перанёс разгляд адміністрацыйнай справы актывіста «Маладога фронту» Андрэя Цянюты.

Як паведамляе «Радыё Свабода», 25 жніўня Андрэй Цянюта запатрабаваў, каб справа разглядалася на беларускай мове.

Як высветлілася, гэтае канстытуцыйнае патрабаванне суд не змог забяспечыць адразу. Справаводства ў судзе вядзецца толькі на расейскай мове, а перакладчыка з расейскай на беларускую мову няма. Таму было вырашана перанесці разгляд адміністрацыйнай справы на 1 верасня, каб запрасіць перакладчыка.

Да адміністрацыйнай адказнасці Андрэя Цянюту прыцягваюць за нез'яўленне 24 ліпеня ў ваенкамат. Пратакол на яго склаў намеснік начальніка аддзялення прызыву гарадскога ваенкамата маёр Сяргей Самафалаў. Сваім рашэннем ваенкамат абмежаваў выезд актывіста за межы Беларусі.

«Я лічу, што гэта сістэматычны ціск, які аказвае нашая ўлада на найбольш актыўную беларускую моладзь, -- заяўляе актывіст «Маладога фронту». -- Робіцца гэта дзеля таго, каб ізаляваць як мага больш актывістаў, здольных нешта зрабіць на волі».

Нагадаем, што Андрэй Цянюта меў права на адтэрміноўку ад службы ў арміі. Пасля заканчэння тэхнікума ён пачаў вучыцца завочна ў Бранскай сельгасакадэміі. Увесну яго перавялі на 3 курс. Аднак нядаўна ён атрымаў з акадэміі дзіўны загад аб адлічэнні. Пад загадам няма подпісаў ні рэктара, ні дэкана - падпісала яго толькі загадчыца канцылярыяй спадарыня Салдаценка. Няма на загадзе і гербавай пячаткі навучальнай установы. Да таго ж аб сваім адлічэнні маладафронтавец даведаўся ад гомельскага ваенкамата.

Апошнія навіны