BE RU EN

Палітжаўнера Зміцера Хведарука зноў кладуць у шпіталь

  • 27.08.2009, 9:26

Гвалтоўна прызваны ў войска актывіст «Маладога фронта» пачне праходзіць медыцынскае абследаванне ў Менску 7 верасня.

Як паведамляе «Радыё Рацыя»,у моладзевага актывіста Зміцера Хведарука ў войску былі знойдзены новыя захворванні.

Нагадаем, што 28 студзеня 2009 года Зміцера Хведарука гвалтоўна завезлі ў ваенкамат, а затым ў турму на вуліцы Акрэсціна, нібы для адбыцця пакарання за ўдзел у леташняй акцыі 1 траўня. Пазней стала вядома, што такой пастановы суда не было. Тым не менш, Хведарука 2 дні пратрымалі за кратамі. Адтуль яго ў кайданках вазілі на медыцынскі агляд ў менску паліклініку № 14. Медкамісія прызнала Змітра Хведарука годным да вайсковай службы, нягледзячы на аперацыю на вене, якая адбылася каля месяца таму, і шэраг хранічных захворванняў.

У кайданках актывіста «Маладога Фронту» адвезлі ў вайскову частку ў Жодзіна – нягледзячы на тое, што Зміцер Хведарук з'яўляецца студэнтам дзённага аддзялення богаслоўскага каледжа, а таму мае права на адтэрміноўку ад службы ў войску. Падчас медыцынскага агляду ў яго не было пры сабе ні медыцынскай карткі, ні выпіскі хвароб, ні нават дакумента, які сведчыць пра асобу.

Пасля гвалтоўнага прызыву Хведарук ужо некалькі разоў трапляў у шпіталь, у яго знайшлі захворванні, з якімі нельга служыць у войску - але моладзевага актывіста зноў накіроўвалі ў вайсковую частку.

Апошнія навіны