BE RU EN

МВФ: Беларусі патрэбна яшчэ 11 міліярдаў даляраў крэдыту

  • 27.08.2009, 15:10

Міжнародны валютны фонд адзначае, што для падтрымання беларускай эканомікі ўладам неабходны буйныя запазычванні.

МВФ ацэньвае запатрабаванне Беларусі ў фінансаванні на суму $11 млрд: у 2009 годзе $6,8 млрд і $4,2 млрд у 2010 годзе. Такія разлікі экспертаў МВФ прыведзены ў апублікаваным у сераду ў першым аглядзе (па выніках I квартала 2009 года) рэалізацыі праграмы stand-by у Беларусі, паведамляе «Інтэрфакс».

Па ацэнцы экспертаў МВФ, крыніцы фінансавання, якія мае Беларусь, дазваляюць кампенсаваць запатрабаванне ў фінансаванні на $3,845 млрд. Такім чынам, дэфіцыт фінансавання на гэты год складае $2,971 млрд, які мяркуецца пакрыць за кошт сродкаў МВФ (па праграме stand- by) на $2,771 млрд і крэдыту Міжнароднага банка на мэты развіцця ў памеры $0,2 млрд. У выніку, па ацэнцы МВФ, у 2009 годзе Беларусь цалкам «закрывае» запатрабаванні ў фінансаванні.

Пры гэтым не пакрыты крыніцамі дэфіцыт фінансавання на 2010 год складае, па іх ацэнцы, каля $820 млн. Гэтая сума – уяўляе сабой розніцу паміж агульным дэфіцытам фінансавання ў 2010 годзе на ўзроўні $1,5 млрд і рэшту сродкаў МВФ у памеры $657 млн, якія плануецца выдаць у наступным годзе. Наяўныя крыніцы фінансавання Беларусі на 2010 год МВФ ацэньвае ў $2,754 млрд.

Асноўны аб'ём запатрабавання Беларусі ў фінансаванні прыходзіцца на дэфіцыт рахунку бягучых аперацый ($3,9 млрд у 2009 годзе і $3 млрд у 2010 годзе) і пагашэнне кароткатэрміновых крэдытаў ($1,7 млрд і $0,8 млрд). Асноўнымі крыніцамі фінансавання з'яўляюцца чыстыя прамыя замежныя інвестыцыі ($1,5 млрд у 2009 годзе і $2,3 млрд у 2010 годзе) і сярэдне-доўгатэрміновыя крэдыты ($2,5 млрд і $1,8 млрд).

Запатрабаванне ў фінансаванні таксама ўключае ў сябе вызначанае праграмай павелічэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі ў 2009 годзе на $2,143 млрд да $5,2 млрд (1,9 месяца імпарту), у 2010 годзе - на $2,88 млрд да $8,1 млрд (2,3 месяцы імпарту).

Як раней паведамляў сайт www.charter97.org, 25 жніўня на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Сяргеем Сідорскім дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марак Белька выказаў занепакоенасць станам золатавалютных рэзерваў Беларусі.

Марак Белька адзначыў, што ў кароткатэрміновай перспектыве заклапочанасць выклікае менавіта «праблема нізкага ўзроўня замежных рэзерваў» Беларусі, «якая можа ўяўляць пагрозу для стабільнасці краіны».

Як стала вядома, беларускія ўлады ўжо звярнуліся за чарговым крэдытам МВФ.

Апошнія навіны