BE RU EN

Асцярогі пацвердзіліся: Пастанова № 1000 створана для барацьбы з імпартам (Фота)

  • 28.08.2009, 12:29

Міністэрства эканомікі пацвердзіла існаванне скандальнай пастановы, якая днямі з’явілася ў інтэрнэце.

Як паведаміў журналістам у Менску начальнік галоўнага ўпраўлення прамысловасці, транспарта і сувязі міністэрства эканомікі Уладзімір Дзернавы, прыняцце пастановы ўрада Беларусі №1000 скіравана на эканомію валютных рэзерваў краіны.

«Кіраўнікі павінны несці адказнасць за набыццё імпартных прамежкавых і інвестыцыйных тавараў», - патлумачыў сутнасць пастановы У.Дзернавы.

«То бок, рашэнне пра любую пакупку гэтых імпартных тавараў мусіць прымацца на ўзроўні міністра ці намміністра», - дадаў ён.

«Экспарт знізіўся, валютная выручка знізілася, валюты не хапае – трэба эканоміць», - падкрэсліў У.Дзернавы. «Апроч эканамічных метадаў – тэндэр, конкурс – даводзіцца ўжываць і адміністратыўныя», - дадаў ён.

Адказваючы на пытанне пра мэты прыняцця дадзенай пастановы, У.Дзернавы канстатаваў, што яна прынятая дзеля таго, «каб эканоміць выдаткі валютных сродкаў».

Як раней паведамляў сайт www.charter97.org, у тэксце пастановы не ўдакладняецца, на прадпрыемствы якой формы ўласнасці распаўсюджваецца гэты дакумент. Аднак па грыфе ДСК можна зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра дзяржаўныя прадпрыемствы і прадпрыемствы з доляй уласнасці дзяржавы. Гэтую здагадку пацвярджае і загад Менгандлю Беларусі, які з'явіўся ў выкананне пастановы №1000.

Доля дзяржпрадпрыемстваў у беларускай эканоміцы складае больш за 80%, а таму не зусім зразумела спроба ўладаў засакрэціць дадзены дакумент. Занадта шырокае кола патэнцыйных выканаўцаў гэтай пастановы, а таму праз месяц дакумент не быў таямніцай для шырокай грамадскасці.

Нагадаем, што 28 ліпеня ў Беларусі набыла сілу пастанова Саўміна №991, якая адмяняе інстытут пасярэднікаў. Паводле пастановы, усе юрасобы павінны набываць тавары толькі ў непасрэдных вытворцаў або ў афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Кіраўнік урада Сяргей Сідорскі прывёў аргументы на карысць забароны пасярэднікаў. Па яго словах, розніца ў кошце на адзін і той жа тавар, які набываюць беларускія прадпрыемствы на тэрыторыі рэспублікі, складае ад 30% да 260%.

4 жніўня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прэм'ер-міністра «неадкладна разабрацца» з 991-ай пастановай. Увечары таго ж дня стала вядома, што Савет міністраў адмяніў гэты дакумент. Па словах бізнэсмэнаў, за дні вымушанага прастою з-за прынятай пастановы №991 беларускія кампаніі панеслі страты ад 5 да 100 тысяч даляраў.

Апошнія навіны