BE RU EN

МВФ паставіў Лукашэнку жорсткі ўльтыматум

  • 28.08.2009, 14:02

Міжнародны валютны фонд патрабуе ад беларускіх улад спыніць радыкальна ўмешвацца ў эканоміку і адмовіцца ад цэнтралізаванага планавання.

МВФ апублікаваў на сваім сайце заключную запіску місіі МВФ, якая працавала ў Менску 18-25 жніўня. У ёй утрымліваюцца 4 ключавыя патрабаванні, якія мусяць выканаць улады. У прыватнасці, ва ўльтыматыўнай форме патрабуецца радыкальнае скарачэнне дзяржаўнага ўмешвання ў эканоміку Беларусі, паведамляе «Салідарнасць».

У першую чаргу МВФ падкрэслівае, што «неабходна скараціць да мінімуму цэнавы кантроль з тым, каб цэнавыя сігналы маглі накіроўваць паток рэсурсаў і дапамагаць карэктаваць лішак і недахоп рэсурсаў у эканоміцы; а таксама трэба скасаваць большасць абмежаванняў па рознічных гандлёвых надбаўках у адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі паміж урадам і Сусветным банкам», перадае «Інтэрфакс».

Па-другое, МВФ заяўляе, што «неабходна правесці лібералізацыю зарплаты, каб узнагароджваць высокую прадукцыйнасць і развіваць рынак працы такім чынам, каб працаўнікі маглі пераходзіць на тыя працоўныя месцы, дзе яны могуць працаваць найбольш прадуктыўна».

Па-трэцяе, «неабходна адмовіцца ад усталявання абавязковых для выканання колькасных мэтавых паказчыкаў на макраэканамічным узроўні і ўзроўні прадпрыемстваў, паколькі кіраваць усё больш складанай эканомікай пасродкам цэнтралізаванага планавання становіцца ўсё цяжэй».

Акрамя таго, місія МВФ лічыць неабходным для банкаўскай сістэмы пазбавіцца ад сістэмы дырэктыўнага крэдытавання. «Банкаўскай сістэме варта дазволіць прымаць рашэнні аб крэдытаванні, зыходзячы з рэнтабельнасці і рызык праектаў, а не крочыць за ўказанням і рэкамендацыямі ўрада», - сказана ў дакуменце МВФ.

МВФ лічыць неабходным зрабіць яшчэ больш жорсткай крэдытную палітыку ў Беларусі

«Хуткім часам Нацбанку неабходна зрабіць больш жорсткай крэдытную палітыку», - сказана ў заключнай запісцы.

«Улічваючы, што ўзровень адсоткавых ставак ужо высокі, варта ўвесці строгія абмежаванні на крэдытаванне ў рамках дзяржпраграм. Гэта не толькі прывядзе да паніжэння попыту на імпарт, але таксама будзе спрыяць больш эфектыўнаму ўпраўленню рызыкамі ў банках», - гаворыцца ў дакуменце. «Паслабленне гэтай палітыкі павінна адбывацца пры ўмове працягу паніжэння.

Эксперты МВФ таксама падкрэсліваюць неабходнасць узмацнення аперацыйнай незалежнасці Нацбанка шляхам змены заканадаўства, што будзе спрыяць рэалізацыі цвёрдай грашова-крэдытнай палітыкі і правядзенню эфектыўнага банкаўскага нагляду.

Яны таксама паказваюць на пажаданую перадачу ўжо выдадзеных у межах дзяржпраграм крэдытаў у прапанаванае агенцтва фінансавага развіцця, якое павінна стаць выключнай крыніцай фінансавання дзяржпраграм. Эксперты ўпэўненыя, што гэта ачысціць балансы банкаў і дазволіць ім адысці ад фінансавання дзяржпраграм. У дадзенай сітуацыі меней успрымальны да глабальнага крызісу банкаўскі сектар Беларусі застаецца ўразлівым з пункта гледжання павелічэння праблемных актываў і недахопу ўнутранай ліквіднасці, лічаць у МВФ.

Стымуляванне ўнутранага попыту ў Беларусі пагражае скарачэнню знешняй уразлівасці

«Стымуляванне ўнутранага попыту ў той час, калі плацёжны баланс краіны па-ранейшаму застаецца слабым, ставіць пад пагрозу дасягненне мэты скарачэння знешняй уразлівасці за кошт назапашвання міжнародных рэзерваў», - сказанае ў запісцы місіі МВФ.

Эксперты МВФ канстатуюць, што «на працягу першых сямі месяцаў 2009 года працягваўся высокі рост крэдыту эканоміцы, чаму спрыяла крэдытаванне ў межах дзяржпраграм, часта пад адсоткавыя стаўкі, якія субсідуюцца». «Акрамя выцяснення стандартнага камерцыйнага крэдыту і стварэння выдаткаў для бюджэту, гэтыя праграмы крэдытавання стымулявалі ўнутраны попыт, што прывяло да павелічэння дэфіцыту знешняга гандлю і страце рэзерваў на працягу апошніх тыдняў», - канстатуюць яны.

На іх думку, «дадзеныя праграмы крэдытавання неабходна скараціць і адлюстраваць гэтыя змены ў дзяржаўных праграмах, у межах якіх ажыццяўляецца крэдытаванне, каб змякчыць страты рэзерваў».

Па ацэнцы МВФ, у межах рэалізацыі эканамічнай праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам stand-by, сукупны ўнутраны попыт у Беларусі ў 2009 годзе можа скараціцца на 4,7% пасля росту на 16,1% у 2008 годзе і на 13,5% у 2007 годзе.

Як паведамлялася раней, місія МВФ па арт.IV працавала паралельна з місіяй, якая ажыццяўляла другі агляд рэалізацыі праграмы stand-by, вынікам якой пасля 2 верасня павінны стаць рэкамендацыі кіраўніцтву МВФ аб мэтазгоднасці наступнага фінансавання праграмы. Праграма ўхваленая ў студзені 2009 года і разлічаная на 15 месяцаў з аб'ёмам фінансавання 3,5 млрд. даляраў.

Апошнія навіны