У цэнтры Менска з'явілася расцяжка «Свабода палітвязням!» (Фота)
- 31.08.2009, 9:27
Акцыі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў працягваюцца ў беларускіх гарадах.
У пятніцу ўвечары актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» вывесілі расцяжку з патрабаваннем вызваліць палітвязняў. Яна была замацаваная на мосце каля станцыі метро «Няміга», паведамляе jeans-by.com.
Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асоб» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртая ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.
Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа пачацца ў лістападзе.
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правіл адбыцця пакарання па «справе 14-ці».
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежаванні волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.