На трасе Полацак-Вільня згарэў бензавоз (Фота)
- 31.08.2009, 12:08
Бензавоз «Сканія-143», які перавозіў 15 тон талуолу (вадкасць, што лёгка успыхвае, растваральнік), загарэўся 28 жніўня ў другой палове дня на трасе Полацак-Вільня.
Як распавялі ў абласным кіраванні МНС па Віцебскай вобласці, загарэлася акумулятарная батарэя, папярэдне, з-за кароткага замыкання электраабсталявання, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».
Кіроўца спрабаваў зняць батарэю, але ў гэты час успыхнула кабіна. Мужчына атрымаў моцныя апёкі – каля 40 адсоткаў паверхні цела і знаходзіцца ў рэанімацыі.
Выратавальнікі здолелі прадухіліць разгерметызацыю цыстэрны. Уся машына ўжо шугала – агонь перакінуўся на колы, а потым загарэліся рэшткі талуолу на паверхні цыстэрны.
Выратавальнікі пакрылі бензавоз пенай, а потым дапамаглі перапампаваць талуол у іншую машыну. Па словах кіраўніцтва фірмы, якой належыць машына (ААТ «Блок»), арыентыровачны кошт растваральніка – 40 мільёнаў рублёў. Сума шкоды ад пажару вызначаецца.