BE RU EN

Праз 11 дзён Чавес наведае Беларусь

  • 31.08.2009, 12:17

Уга Чавес у панядзелак адпраўляецца ў 11-дзённае замежнае турнэ, падчас якога ён наведае такія краіны, як Лівія, Алжыр, Сірыя, Іран і Расея.

«Мэта візіту - умацаванне палітычных, энергетычных і ваенных сувязяў з гэтымі краінамі», - заявіў лідэр Венесуэлы ў нядзелю на прэс-канферэнцыі.

Па яго словах, цяперашні візіт упісваецца ў рамкі палітычных і эканамічных мэт яго краіны, і гэтыя мэты «дэманструюць дынамізм знешняй палітыкі баліварыянскай рэвалюцыі».

Чавес паведаміў, што 31 жніўня ён прыбывае ў Лівію, дзе возьме ўдзел у святкаваннях з нагоды 40-годдзя лівійскай рэвалюцыі. Ён таксама возьме ўдзел у працы надзвычайнага саміту Афрыканскага Саюза, старшынём якога з'яўляецца лідэр лівійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі. З Трыпалі венесуэльскі прэзідэнт адправіцца ў Алжыр, а затым у Сірыю.

Наступным пунктам прыпынку Уга Чавеса стане Іран.

«Іран для нас з'яўляецца стратэгічным партнёрам, з якім мы ў апошні час падпісалі шэраг дамоў у галіне абароны, энергетыкі, прамысловасці і тэхналогій. Мы маем намер умацоўваць нашы адносіны ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі раней з прэзідэнтам Ірана Махмудам Ахмадзінежадам», - сказаў Чавес.

З Ірана Уга Чавес прыбудзе ў Маскву, дзе правядзе перамовы з расейскім кіраўніцтвам.

«З Расеяй у нас падпісаныя найбуйнейшыя нафтавыя праекты. Гэта тычыцца не толькі здабычы, але і перапрацоўкі цяжкай нафты ў лёгкую, яе транспарціроўкі ў марскія парты. Гэта запатрабуе велізарных фінансавых выдаткаў, і мы ў гэтым накірунку актыўна працуем», - заявіў Чавес.

Лідэр Венесуэлы таксама паведаміў, што ў Маскве будуць абмяркоўвацца пытанні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і мірнага выкарыстання атама.

Чавес падкрэсліў, што ваеннае супрацоўніцтва з Расеяй будуецца на цалкам іншых прынцыпах, чым супрацоўніцтва паміж Калумбіяй і ЗША.

«У апошні час былі прадпрынятыя спробы паставіць у адзін шэраг разгортванне амерыканскіх баз у Калумбіі і наша супрацоўніцтва з Масквой. Але гэта цалкам розныя рэчы. Няўжо Расея мае гегеманісцкія прэтэнзіі на лацінаамерыканскім кантыненце?» - заявіў Чавес.

Апошнім пунктам 11-дзённага турнэ прэзідэнта Венесуэлы будзе Беларусь.

Нагадаем, што Уга Чавес наведваў Беларусь тройчы - у 2006, 2007 і 2008 гадах.

У снежні 2007 года прайшоў афіцыйны візіт у Венесуэлу Аляксандра Лукашэнкі, падчас якога адбылося адкрыццё сумеснага беларуска-венесуэльскага прадпрыемства па здабычы нафты ў штаце Ансаатэгі.

Апошнія навіны