BE RU EN

Палітвязень Аўтуховіч працягвае губляць вагу

  • 31.08.2009, 13:24

Праз два з паловай месяцы пасля галадоўкі Мікалай Аўтуховіч важыць менш за 70 кілаграмаў.

Як паведаміў БелаПАН адвакат Павел Сапелка, ваўкавыскі прадпрымальнік па-ранейшаму не можа аднавіцца пасля доўгай галадоўкі. На сённяшні дзень яго вага складае менш за семдзесят кілаграмаў.

Па словах Сапелкі, нягледзячы на страту вагі, яго падабаронны пачуваецца нармалёва.

Даваць якія-небудзь каментары адносна хады крымінальнай справы ў дачыненні да Аўтуховіча яго адвакат адмовіўся, спаслаўшыся на дадзеную ім падпіску аб невыдаванні таямніцы следства.

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя ў Ваўкавыску 8 лютага і дастаўленыя ў менскі следчы ізалятар № 1. 18 лютага ім было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і «іншых асоб» (фармулёўка прэс-службы МУС) была ўзбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

З 16 красавіка па 16 ліпеня палітвязень Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку, патрабуючы ў самыя кароткія тэрміны ці перадаць справу ў суд, ці змяніць усім падследным меру утрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

8 жніўня Лявонава вызвалілі з СІЗА, змяніўшы меру ўтрымання на падпіску аб нявыездзе. Асіпенка і Аўтуховіч працягваюць знаходзіцца за кратамі.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртая ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Апошнія навіны