Беларусам зноў прыйдзецца забяспечваць харчовую бяспеку Венесуэлы?
- 5.08.2009, 13:06
Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес нацыяналізаваў кампаніі Fama de America і Cafe Madrid - найбуйнейшых вытворцаў кавы ў краіне.
Раней урад абвінаваціў гэтыя кампаніі ў нелегальным экспарце кавы ў суседнюю Калумбію, а цяпер мае намер пераарыентаваць іх пастаўкі на ўнутраны рынак, паведамляе Reuters.
Чавес ужо на працягу некалькіх гадоў займаецца нацыяналізацыяй найбуйнейшых эканамічных актываў у краіне. Лідэр Венесуэлы ўжо нацыяналізаваў нафтаздабываючую, цэментную і тэлекамунікацыйную галіны.
У ліпені Чавес заявіў, што Венесуэла збіраецца «замарозіць» адносіны з Калумбіяй і адклікае свайго амбасадара з Багаты. Каракас таксама збіраецца прыпыніць дзеянне ўсіх гандлёвых пагадненняў паміж краінамі і ў хуткім часе цалкам адмовіцца ад імпарту тавараў з Калумбіі.
Адкліканне амбасадара і разрыў адносінаў стаў адказам на абвінавачванні калумбійскіх уладаў у тым, што Венесуэла пастаўляе ўзбраенне баевікам Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі.
Нагадаем, што ў Беларусь год таму паступіла вялікая партыя кавы «Cafe' Venezuela». На яе ўпакоўцы было напісана, што кава вырабленая ў мэтах «харчовай бяспекі для суверэнітэту радзімы».