Акцыі ў падтрымку вязняў сумлення ў Менску (Фота)
- 6.08.2009, 10:44
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» працягваюць праводзіць акцыі салідарнасці з палітвязнямі, непажаданымі для рэжыма Лукашэнкі.
У сераду моладзевыя актывісты правялі акцыю ў падтрымку палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага каля станцыі метро «Пушкінская». Актывісты трымалі ў руках расцяжку «Свабоду палітвязням!». Днём раней акцыя салідарнасці праходзіла таксама тут.
Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка больш за пяці месяцаў знаходзяцца ў СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама. Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.
Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.