У Беларусі могуць з'явіцца страйкамы і прагназуюцца бунты працоўных
- 6.08.2009, 14:13
Сацыяльная напружанасць у працоўным асяроддзі будзе толькі ўзрастаць, заявіў адзін з кіраўнікоў працоўнай групы па падрыхтоўцы агульнарэспубліканскай нарады працоўных Аляксандр Бухвостаў.
«Зараз вельмі шмат што будзе залежаць ад мераў, якія будзе прымаць урад па недапушчэнні сацыяльнага выбуху»,- сказаў ён.
«Нядаўна прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці правёў анкетаванне сярод працоўных. Вынікі анкетавання мы зараз падводзім. Але ўсе працоўныя адзначаюць падзенне зарабатнай платы на 25-50%. Нават буйныя прадпрыемствы пераходзяць на двух-, трохдзённы працоўны тыдзень; прадпрыемствы-гіганты адпраўляюць сваіх людзей то на будоўлі, то на сельгаспрацы»,- распавёў Аляксандр Бухвостаў у інтэрв'ю «Тэлеграфу».
На яго думку, «задача афіцыйных прафсаюзаў зараз - не дапусціць хваляванняў». «Афіцыйныя прафсаюзы ўгаворваюць працоўных патрываць. Але калі працоўны будзе трываць - улады не будуць напружвацца. Улада павінна альбо прадэманстраваць сваю дзеяздольнасць, альбо сысці ў адстаўку, саступіўшы месца новай уладзе, здольнай вырашаць праблемы»,- лічыць палітык.
Аляксандр Бухвостаў адзначыў, што агульнанацыянальная нарада працоўных можа стацца не проста разавай акцыяй. «Працоўныя ж могуць сабрацца і сказаць: давайце створым працоўны камітэт, які будзе каардынаваць дзейнасць працоўных арганізацыяў. Працоўныя могуць захацець самі вырашаць свае праблемы праз працоўны камітэт»,- выказаў меркаванне ён.
Палітык не выключае магчымасці таго, што ўсё можа скончыцца стварэннем страйкама. «Але рашэнні павінны прымаць самі працоўныя»,- падкрэсліў Аляксандр Бухвостаў.
Нагадаем, што шмат якія беларускія прадпрыемствы знаходзяцца на мяжы спынення: заводы і фабрыкі пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень, рэзка зніжаюцца зарабатныя платы, уразаются прэміі і даплаты, пачынаюцца масавыя звальненні працоўных. Інфармацыя пра сур'ёзныя эканамічныя праблемы таго ці іншага прадпрыемства паступае з рэгіёнаў фактычна кожны дзень.
Толькі па стане на чэрвень каля 200 тысячаў чалавек былі пераведзеныя на працу з няпоўным працоўным тыднем ці проста адпраўленыя па ініцыятыве наймальніка ў адпачынкі.
Масавы мітынг працоўных у Менску на плошчы Леніна 10 красавіка 1991 года. Прадстаўнікі 28 найбуйнейшых прадпрыемстваў вышлі на вуліцы з палітычнымі і эканамічнымі лозунгамі
Масавы мітынг працоўных у Менску на плошчы Леніна 10 красавіка 1991 года. Прадстаўнікі 28 найбуйнейшых прадпрыемстваў вышлі на вуліцы з палітычнымі і эканамічнымі лозунгамі
Удзельнікі прафсаюзнага мітынгу, які прайшоў нягледзячы на супраціў уладаў, трымаюць плакаты з патрабаваннямі дапамагчы школьным настаўнікам, Менск, 30 верасня 1999г. У мітынгу, арганізаваным Федэрацыяй прафсаюзаў Беларускай, прыняла ўдзел каля 4-5 тысячаў чалавек.
27 студзеня 1999г некалькі афіцыйных галіновых прафсаюзаў пры падтрымцы палітычных партыяў правялі шэсце і мітынг ля менскага Палаца спорту ў знак пратэсту супраць падвышэння коштаў, падзення ўзроўня жыцця, зніжэння зарплатаў, у якім прыняло ўдзел каля дзесяці тысячаў чалавек.
27 студзеня 1999г некалькі афіцыйных галіновых прафсаюзаў пры падтрымцы палітычных партыяў правялі шэсце і мітынг ля менскага Палаца спорту ў знак пратэсту супраць падвышэння коштаў, падзення ўзроўня жыцця, зніжэння зарплатаў, у якім прыняло ўдзел каля дзесяці тысячаў чалавек.
Марш «За лепшае жыццё!», Менск, сакавік 2003 года
Марш «За лепшае жыццё!», Менск, сакавік 2003 года