BE RU EN

У Гародні з падазрэннем на свіны грып шпіталізаваны грамадзянін ЗША

  • 6.08.2009, 15:13

Грамадзяніна ЗША проста з памежнага пункта «Брузгі» даставілі ў інфекцыйны шпіталь Гародні з падазрэннем на вірус грыпа А/H1N1.

Мужчына, які пятнаццаць гадоў жыве за мяжой, прыехаў у Беларусь наведаць сваякоў.

Паводле інфармацыі «Вячэряга Гродна», дыягназ не пацвердзіўся, і пацыента выпісалі. Па словах галоўнага урача абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Мікалая Кендыша, цяпер штодня на кожным з памежных пунктаў вобласці аглядаюць 500 – 600 чалавек, якія ўязджаюць у Беларусь. Урачы дзяжураць кругласутачна. У каго ёсць прыкметы прастуды, мераюць тэмпературу і аглядаюць у ізалятары санітарна-кантрольнага пункта.

Пацыентаў з падазрэннем на небяспечны грып дастаўляюць у інфекцыйны шпіталь. Людзей з падвышанай тэмпературай пасля прыезда назірае ўрач паліклінікі. Такі комплекс спецыяльных мерапрыемстваў зацверджаны 20 ліпеня Гарадзенскім абласным камітэтам.

Нагадаем, што 2 жніўня ў Гомелі з падазрэннем на свіны грып быў шпіталяваны хлопчык. У складзе дзіцячай групы ён вяртаўся з адпачынку ў Італіі.

Проста ў аэрапорце дзіця было ізаляванае з-за высокай тэмпературы. Хлопчыка неадкладна абследавалі, аднак вірус грыпа А/H1N1 у яго не выявілі.

Апошнія навіны