У Менску рыхтуюцца да свята: перакрыюць дарогі, паставяць КПП
- 10.09.2009, 15:57
Рух на многіх вуліцах Менску будзе абмежаваны падчас святкавання Дня горада 12 верасня.
Як паведамляе БелТА, у суботу з 9.00 будзе абмежаваны рух транспарта па праспекце Машэрава ад вуліцы Ціміразева да вуліцы Даўмана. Пачынаючы з 9.45 часткова перакрыюць рух па праспекце Пераможцаў ад вуліц Леніна да Радужнай.
Не выключана, што абмежаванне закране і іншыя тэрыторыі, што прылягаюць непасрэдна да месцаў правядзення святочных мерапрыемстваў. Тут таксама будзе забаронена паркоўка транспартных сродкаў.
Сталічная міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме і 12, і 13 верасня.
Вялікая колькасць удзельнікаў і гледачоў свята чакаецца на праспекце Пераможцаў на ўчастку ад плошчы Свабоды да праспекта Машэрава, а таксама на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. Месцы правядзення масавых мерапрыемстваў будуць агароджаныя турнікетамі. Жадаючым трапіць на свята трэба будзе прайсці праз кантрольна-прапускныя пункты, абсталяваныя як стацыянарнымі, так і ручнымі металадэтэктарамі. У мэтах бяспекі будзе весціся відэаназіранне як у пунктах пропуску, так і ў месцах масавых гулянняў.
Колькасць КПП будзе дастатковай для забеспячэння праходу ўдзельнікаў, гасцей і гледачоў свята, запэўнілі ў ГУУС. Аднак каб пазбегнуць стоўпатварэння, сталічная міліцыя рэкамендуе прыходзіць на месца правядзення масавых мерапрыемстваў загадзя.
Што нельга будзе пранесці? На гэтае пытанне адказвае «Комсомольская правда в Беларуси»:
Спіртное (у тым ліку піва), любыя напоі ў шкляной тары і буйнагабарытныя рэчы. Дазваляецца мець пры сабе безалкагольныя ахаладжальныя напоі ў празрыстай, пластыкавай тары ёмістасцю не больш за 0,5 л.
Акрамя таго, у месцы правядзення масавых мерапрыемстваў не пусцяць асоб, якія знаходзяцца у стане ап'янення, роварыстаў, а таксама грамадзян з хатнімі жывёламі.