Прэм’ер-міністр і кіраўнік МЗС Літвы сустракаюцца з беларускімі апазіцыянерамі
- 14.09.2009, 15:02
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі ўдзельнічаюць у міжнароднай дыскусіі ў літоўскім Сейме, прымеркаванай да Міжнароднага дня дэмакратыі, які адзначаецца 15 верасня.
Як паведамляе «Радыё Свабода», лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і былі палітвязень Аляксандр Казулін сёння раніцай сустрэліся з міністрам замежных спраў Літвы Вігаўдасам Ушацкасам.
Палітыкі адзначылі ў размове з кіраўніком літоўскага дыпламатычнага ведамства, што ў Беларусі па-ранейшаму ёсць палітвязні і што дата прыезду ў Літву Аляксандра Лукашэнкі супадае з Днём беларускай салідарнасці і дзесятай гадавінай выкрадання і забойства віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага.
Дыскусія з удзелам прадстаўнікоў краін Еўразвяза і Расеі прысвечана Супольнасці дэмакратый. Прадстаўніцтва ў гэтым міжнародным форуме да Літвы перайшло ад Партугаліі. Дыскусію ў Сейме распачаў і павітаў прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс. На сёння ж у яго запланавана сустрэча з беларускімі апазіцыянерамі.