BE RU EN

Багданкевіч: «Асцярогі чарговай дэвальвацыі застаюцца актуальнымі»

  • 15.09.2009, 10:29

Беларусь бударажаць чуткі пра чарговую дэвальвацыю рубля, якая можа здарыцца ўжо ў кастрычніку.

Погляды экспертаў на перспектывы курсу рубля прыводзіць газета «Заўтра тваёй краіны».

Прэс-сакратар Нацбанка Беларусі Анатоль Драздоў упэўнены: сёлета дэвальвацыі не здарыцца.

– Гэта абяцаў і кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч, і Аляксандр Лукашэнка. Няўжо яны могуць падмануць народ? – аптымістычна лічыць начальнік Упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар Нацбанка Беларусі.

Па словах доктара эканамічных навук Барыса Жалібы, такія смелыя прагнозы прадстаўнікі Нацбанка робяць таму, што ў банкаўскай сістэмы яшчэ ёсць рэзервы – нявыдаткаваныя знешнія пазыкі і надзея на новыя крэдыты.

– Калі Нацбанк атрымае абяцаныя валютныя крэдыты ад МВФ і Расеі, дык слова сваё стрымае, – не сумняецца эканаміст.

Як вядома, да канца гэтага года Беларусь чакае яшчэ два траншы на суму 1,35 млрд даляраў ад МВФ і апошні транш расейскага крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў.

– У студзені дэвальвацыя адбылася валявым шляхам, – нагадвае экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. – Улады яшчэ маглі трымаць курс рубля, але маглі і адпусціць. Тады галоўнай прычынай абвалу рубля стаў дэфіцыт гандлёвага балансу. Дагэтуль гэтая прычына не ліквідаваная, больш за тое – дэфіцыт гандлёвага балансу павялічыўся, таму актуальнымі застаюцца асцярогі чарговай дэвальвацыі. Але праводзіць яе сёлета няма неабходнасці: знешнія пазыкі яшчэ не выдаткаваныя.

Не выключае паслабленне курсу рубля да іншых валютаў у 2010 годзе доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

– Утрымліваць стабільнасць рубля, не маючы новых валютных крэдытаў, будзе складана, -- лічыць ён. – Перш за ўсё таму, што сёння вельмі цьмяныя перспектывы экспарту беларускай прадукцыі і сыравіны.

Эксперт кажа, што Беларусі было б на руку, калі б сусветныя кошты на нафту дасягнулі 70 даляраў за барэль, паколькі першы артыкул нашага экспарту і траціна ўсёй валютнай выручкі краіны – гэта нафтапрадукты, а сёння нафтаперапрацоўчыя заводы краіны працуюць стабільна. Але прагназаваць кошт на нафту, па словах Барыса Жалібы, вельмі складана. Іншы артыкул экспарту – калійныя ўгнаенні. Зараз не толькі скарачаецца іх вытворчасць, але і зніжаецца іх кошт. У апошні раз ён знізіўся з 600 да 460 даляраў за тону. І ўжо зусім дрэнныя справы з экспартам у МТЗ, МАЗа, БеЛАЗа, склады якіх заваленыя нерэалізаванай прадукцыяй.

Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч звяртае ўвагу на сур'ёзныя праблемы, якія могуць узнікнуць у новым годзе ў банкаўскай сферы з-за невяртання беларускімі прадпрыемствамі выдадзеных крэдытаў. Гэта можа справакаваць абвал рубля.

– Я не давяраю тым дадзеным, якія падаюць банкі адносна долі сумніўнага пагашэння пазыкаў, – кажа Станіслаў Багданкевіч. – Сумніўныя пазыкі, сумніўныя актывы павінны вырасці, таму што ідзе крызіс, рэшткі гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў выраслі, дэбіторская запазычанасць павялічылася. Але такіх дадзеных няма. Гэта кажа пра тое, што, хутчэй за ўсё, банкі праводзяць рэструктурызацыю даўгоў – тое, што трэба было пагашаць ужо сёння, дазваляюць пагашаць з адтэрміноўкай на тры гады. Але калі ў банках не будзе грошай, гэта стане адным з фактараў паслаблення фінансавага сектара ў цэлым і рубля ў прыватнасці. І ён можа абрынуцца.

Апошнія навіны