У Польшчы беларуса за шпіянаж прысудзілі да 5,5 гадоў турмы
- 17.09.2009, 8:58
Польскі суд прысудзіў грамадзяніна Беларусі Сяргея Моніча да пяці з паловай гадоў турмы за шпіянаж.
Як паведамляе Agence France-Presse са спасылкай на прадстаўніка суда, судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Па словах прадстаўніка суда, 43-гадовы Моніч быў прызнаны вінаватым у перадачы «інфармацыі, якая закранае інтарэсы нацыянальнай бяспекі Польшчы, замежным выведслужбам». Іншыя падрабязнасці абвінавачвання невядомыя.
Сяргей Моніч быў арыштаваны ў Літве ў лістападзе 2006 года ў выніку сумеснай аперацыі польскіх і літоўскіх спецслужбаў. Паводле дадзеных польскай пракуратуры, Моніч завербаваў нейкага грамадзяніна Польшчы, з якім сустракаўся ў Менску і Вільні. Гэты грамадзянін нібыта перадаваў Монічу інфармацыю аб супрацоўніках МЗС Польшчы.
У пачатку 2007 года Моніч быў экстрадыраваны ў Польшчу. Сам ён назваў свой арышт «палітычнай правакацыяй».