BE RU EN

Прэм’ер-міністр Чэхіі пацвердзіў адмаўленне ЗША ад СРА ў Еўропе

  • 17.09.2009, 13:59

Амерыканская дэлегацыя сёння праінфармуе ўрад Чэхіі пра дэталі рашэння Белага дома.

Прэм’ер-міністр Чэхіі Ян Фішэр на спецыяльным брыфінгу ў Празе ў чацвер, 17 верасня, пацвердзіў, што ЗША адмаўляюцца ад планаў па размяшчэнні ў Польшчы і Чэхіі элементаў амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны.

«Барак Абама патэлефанаваў мне ў 00:21 па нашым часе (01:21 па менскім). Польшча таксама была праінфармавана пра рашэнне ЗША», - сказаў Фішэр.

Паводле яго словаў, на працягу гадзіны – двух ў міжнародным аэрапорце Прагі Рузыне прызямліцца спецсамалёт з амерыканскай дэлегацыяй, якая праінфармуе пра дэталі рашэння Белага дома ўрад Чэхіі.

Раней дэлегацыя ЗША скончыла перамовы па СРА ў МЗС Польшчы. У перамовах з польскага боку ўдзельнічаў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі і шэф канцэлярыі прэзідэнта Польшчы Уладыслаў Стасяк.

Як паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на МЗС Польшчы, прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіць пра рашэнне Вашынгтона адносна разгортвання амерыканскай СРА ў Еўропе а 17:00.

Нагадаем, сёння, 17 верасня, газета Wall Street Journal са спасылкай на крыніцу ў Вашынгтоне паведаміла, што ўлады ЗША маюць намер адкласці рэалізацыю планаў па размяшчэнні элементаў амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны (СРА) у Чэхіі і Польшчы.

Паводле інфармацыі выдання, рашэнне «пакласці на паліцу» планы, прапанаваныя папярэдняй адміністрацыяй Белага дома, базуецца на дадзеных пра тое, што праграма па стварэнні ракетаў вялікай дальнасці, якая рэалізуецца Іранам, на падставе абароны ад якіх ЗША планавалі размясціць ў Еўропе элементы СРА, «развіваецца не так хутка, як гэта расцэньвалася раней».

Апошнія навіны