Беларуская міліцыя збіраецца распаўсюдзіць свой досвед на ўвесь рэгіён (Вiдэа)
- 17.09.2009, 15:38
Пра гэта прадстаўнікі беларускага МУС заявілі на семінары-прэзентацыі «Дэмакратычныя асновы паліцэйскай дзейнасці».
Мерапрыемства, якое праходзіць у Менску 16-17 верасня, арганізавана Міністэрствам унутраных спраў Беларусі сумесна з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, а фундуецца ўрадамі Нямеччыны і Швецыі. Паведамляецца, што ў семінары бяруць удзел прадстаўнікі сілавых структур і няўрадавых арганізацый з Беларусі, Расеі, Малдовы, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Арменіі і Грузіі, эксперты ад Польшчы, Швецыі і Бельгіі, а таксама супрацоўнікі Аддзела стратэгічных пытанняў паліцэйскай дзейнасці Сакратарыята АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
Дамоўленнасць аб яго правядзенні была дасягнутая падчас візіту ў нашую краіну старэйшага дарадцы па пытаннях паліцэйскай дзейнасці Генеральнага сакратара АБСЕ – кіраўніка Аддзела стратэгічных пытанняў паліцэйскай дзейнасці Сакратарыята АБСЕ Кевіна Карці, які адбыўся ў лютым.
Семінар АБСЕ пачаўся акурат у дзень жорсткага разгону ў Менску мірнай акцыі апазіцыі, прымеркаванай да 10-й гадавіны знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. Людзі выйшлі на плошчу з партрэтамі выкрадзеных палітыкаў і свечкамі. Арыштаваныя 35 чалавек. Многія з іх было жорстка збітыя супрацоўнікамі менскага АМАПу прама ў будынку ўпраўлення ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна Менска.
Цяжка сказаць, як паўплываў семінар «Дэмакратычныя асновы паліцэйскай дзейнасці» на жорсткі разгон акцыі салідарнасці і катаванні яе ўдзельнікаў у Цэнтральным РУУС Менска, але беларуская міліцыя гарыць жаданнем распаўсюдзіць беларускі досвед разгону мірных акцый пратэста на іншыя краіны.
«Рэгіянальны фармат семінара дазволіць пазыцыянаваць беларускі досвед у галіне забеспячэння грамадскага парадку, у тым ліку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, а таксама будзе садзейнічаць яго распаўсюду ў краінах-удзельніцах мерапрыемства», -- паведамляе сайт МУС Беларусі.
Актывіст апазіцыі Аляксандр Сцепаненка, збіты падчас разгона акцыі салідарнасці. Гэты досвед беларуская міліцыя збіраецца перадаць іншым краінам.