Кіраўнік знешняй палітыкі Еўразвяза і Швецыі сустрэўся з беларускімі апазіцыянерамі
- 17.09.2009, 15:58
Прымаючы рашэнне пра выдачу Беларусі крэдытаў, Еўразвяз будзе ўлічваць і палітычныя крытэры, заявіў кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більдт на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.
Пра вынікі сустрэчы распавёў адзін з яе ўдзельнікаў Павал Севярынец. З візітам у Стакгольме па запрашэнні МЗС Швецыі таксама знаходзяцца палітыкі, грамадскія лідэры і праваабаронцы Аляксандр Казулін, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Навасяд, Артур Фінькевіч, Аляксей Янукевіч, Таццяна Равяка, Жанна Літвіна і Аляксандр Лагвінец.
Акрамя гэтага, Карл Більдт запэўніў беларусаў, што ЕЗ мае намер адрэагаваць на жорсткі разгон акцыі ў Менску 16 верасня.
Як паведаміў Севярынец, на сустрэчы з шведскім міністрам ён распавёў пра існаванне ў Беларусі палітвязняў, сітуацыю з менскай царквою «Новае жыццё», адмову БХД у рэгістрацыі, а таксама пра артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
У праграме візіту беларускай дэлегацыі – сустрэчы з шведскімі дэпутатамі, губернатарам шведскай сталіцы і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый.
Нагадаем, што Швецыя зараз з'яўляецца старшынёй Еўрапейскага Звяза.