BE RU EN

Журналістаў хочуць пасадзіць яшчэ на адзін «кароткі ланцужок»

  • 21.09.2009, 8:46

Беларускія журналісты лічаць, што заява Наталлі Пяткевіч аб стварэнні нейкага «кодэкса этыкі журналіста» - амаральная ва ўмовах адсутнасці свабоды слова ў краіне.

Намесніца старшыні адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Наталля Пяткевіч заявіла пра неабходнасць стварэння адзінага для ўсіх журналістаў Кодэкса журналісцкай этыкі. Мірыць і выхоўваць - такая, на думку Наталлі Пяткевіч, галоўная функцыя ініцыяванага ёю дакумента. З дапамогай кодэкса прымусяць «сябраваць» журналістаў дзяржаўных і незалежных СМІ. І ў тых, і ў іншых збіраюцца выхоўваць пачуццё адказнасці перад грамадствам.

«Жыць у грамадстве і быць свабодным ад грамадства нельга», - абгрунтавала важнасць сваёй ініцыятывы Наталля Пяткевіч. Тэзіс, дарэчы, з ленінскай працы «Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура». Дзяржаўную танальнасць у падачы навінаў, Пяткевіч, якая пачынала кар'еру ва ўладзе з пасады прэс-сакратара беларускага дыктатара, тлумачыць выключна клопатам пра грамадзянаў. «Прэса павінна даваць тую інфармацыю, якую грамадства гатовае прыняць», - удакладняе яна.

Палітолаг і журналіст Аляксандр Класкоўскі, зрэшты, перакананы, што падобны кодэкс не вырашыць існуючыя ў беларускай медыясферы праблемы.

На думку палітолага, улада добра асвоіла навуку падмены канкрэтных дзеянняў «дэкаратыўнымі штучкамі», каб затым адрапартаваць Еўропе: «Глядзіце, мы рухаемся ў накірунку дэмакратызацыі і пашырэнні свабодаў», -- заявіў журналіст у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі».

Ці стане пасыл адным з пунктаў адзінага этычнага кодэкса? Сябра праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Таццяна Мельнічук перакананая, што падобная заява амаральная. Грамадства не будзе развівацца, калі яму толькі патураць, кажа журналіст і параўноўвае прэсу з педагогам, які прапаведуе тэорыю «дзіця павінна ведаць ўсё». А для таго, каб «дзіця» навучыць, часцяком неабходна дзейнічаць насуперак яго жаданнямі. Патураючы, мы выхоўваем амаральнасць, перакананая Мельнічук.

Прафесійную мараль знявечвае не адсутнасць універсальных правілаў і канонаў. Аляксандр Класкоўскі кажа, што галоўная праблема беларускай журналістыкі - гэта тое, што яна манапалізаваная і «знаходзіцца пад пятой дзяржавы». Журналісты не па ўласнай ініцыятыве падзеленыя на «чэсных» і «нячэсных», заўважае эксперт.

Чым менш будзе прысутнасць дзяржавы ў медыясферы, упэўнены Класкоўскі, тым больш там будзе этыкі. А пакуль журналістаў будуць сутыкаць лбамі, прымушаць займацца прапагандай, недзяржаўны друк заганяць у кут і маргіналізаваць, будзе цярпець і прафесійная мараль, кажа эксперт.

Аляксандр Класкоўскі упэўнены, што цяперашні стан рэчаў у хуткім часе наўрад ці зменіцца. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў прапагандысцкі рупар прэсы ўлада не выпусціць з рук. Хутчэй этычны кодэкс ператворыцца ў яшчэ адзін кароткі ланцужок, на які паспрабуюць пасадзіць незалежную прэсу, адзначае эксперт.

«Навяжуць зверху ў добраахвотна-прымусовым парадку, як гэта ўмеюць у нас рабіць. Яшчэ і будуць шантажаваць, як было з акрэдытацыяй, не падпісаў, не пусцім на прэс-канферэнцыю», - прагназуе Класкоўскі.

Апошнія навіны