BE RU EN

У магілёўскай калоніі ігнаруюць стан здароўя Арцёма Дубскага

  • 21.09.2009, 9:36

Адміністрацыя калоніі не прызначае палітвязню дыетычнае харчаванне, нягледзячы на тое, што ў яго язва страўніка.

Маці Арцёма Дубскага атрымала ад сына адразу два лісты з калоніі. Трывожнай навіной для Алены Дубскай сталі весткі пра тое, што адміністрацыя магілёўскай калоніі, дзе трымаюць яе сына, ніяк не адрэагавала на тое, што ў яго хворы страўнік. Палітвязню маглі прызначыць дыетычнае харчаванне, але пакінулі на агульным, паведамляе «Радыё Свабода».

«Дыетычнае харчаванне яму не зрабілі, пакінулі агульнае, -- распавяла Алена Дубская. -- Хоць у яго выпісцы пазначана, што ў яго язва страўніка. Ён піша, што ніякага палёгкі яму не зрабілі. Пакуль што ён застаецца ў карантыне».

Адвакат Тамара Сідарэнка паведаміла, што 21 верасня падасць скаргу на рашэнне Магілёўскага абласнога суда, які пагадзіўся з пакараннем удзельніка «Працэсу 14-ці» у выглядзе аднаго года пазбаўлення волі.

«Скарга ўжо падрыхтаваная, -- заявіла адвакатка палітвязня. -- Калі яе не задаволяць, будзе скардзіцца далей».

Нагадаем, што 7 ліпеня ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 годы ў Гомелі.

«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Апошнія навіны