Дыктатура ёсць дыктатура
- 22.09.2009, 16:14
Прадстаўніцы праваабарончай арганізацыі «Civil Rights Defenders» Яхане Кураш, якая хацела даведацца пра стан свабоды слова ў Беларусі, адмовілі ў атрыманні візы.
«Адной з удзельніц нашай місіі не далі беларускую візу – гэта факт, які трэба ўлічваць», -- з такога паведамлення пачалася раніцай 22 верасня сустрэча дэлегатаў міжнароднай журналісцкай місіі з рэдактарамі незалежных беларускіх СМІ, перадае прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Гэты факт астатнія ўдзельнікі дэлегацыі не распаўсюджвалі ў першы дзень пасля прыезду ў Беларусь 21 верасня, бо спадзяваліся, што Яхане Кураш ўсё ж дадуць дазвол на уезд у краіну. Паколькі 23 верасня візіт місіі заканчваецца, то, паводле словаў прадстаўнікоў дэлегацыі, такіх спадзеваў ужо няма.
Нагадаем, што місія сфармаваная пад эгідай Міжнароднай федэрацыі журналістаў. У яе ўвайшлі арганізацыі, якія займаюцца абаронай правоў журналістаў, пытаннямі волевыяўлення і развіцця СМІ.
Прадстаўнікі місіі наведваюць Беларусь з 21 па 23 верасня. Мэта візіту — вывучэнне сітуацыі са свабодай прэсай у Беларусі і ацэнка змен у гэтай галіне, што адбыліся за апошні час.
Удзельнікі місіі сёння сустрэліся з прадстаўнікамі незалежных выданняў, а таксама першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталляй Пяткевіч і з кіраўніцтвам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі на чале з Аляксандрам Зімоўскім.
Брыфінг, на якім дэлегацыя папярэдне падсумуе вынікі візіту, мае адбыцца ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры 23 верасня.