BE RU EN

У барацьбе з крызісам прадпрымальнікаў кідаюць на «перадавую»

  • 23.09.2009, 10:15

Чыноўнікі папярэдзілі прадстаўнікоў бізнэсу, што ад іх чакаюць разгрузкі складоў, а не «лозунгаў і заяваў».

Бізнэс, выяўляючы жаданне дапамагчы ўладам у барацьбе са складскімі запасамі і павелічэнні долі беларускіх тавараў у гандлі ў абмен на адміністрацыйныя і падатковыя паслабленні, не павінен забываць адну з галоўных запаведзяў бюракратыі: «Любая ініцыятыва караецца». Чыноўнікі абавязкова засунуць бізнэс у шэрагі крайніх, калі выкананне пастаўленай «урадам» задачы будзе правалена па выніках года, піша АФН.

Так, 22 верасня прадстаўнік Мінэканомікі Аляксандр Тапілін заявіў, што ўлады разлічваюць на значнае павелічэнне долі продажу айчынных тавараў суб'ектамі малога прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме рэалізацыі, перадае БелаПАН.

«Доля павінна вырасці значна да канца года. Было б нядрэнна да 30-40%», - агучыў чыноўнік чаканую лічбу, адзначыўшы, што пасыл бізнэсу аб гатоўнасці разгружаць склады і працаваць на экспарт «успрыняты, і ўрад ідзе насустрач па зняцці бар'ераў».

«Мы адзначылі, што на канец жніўня доля продажу айчынных тавараў суб'ектамі малога прадпрымальніцтва склала 1-3%», - нагадаў Тапілін, паведаміўшы, што маніторынг на канец верасня паказвае нязначнае павелічэнне гэтай долі - на 0,5-0,7% кожны тыдзень.

«Цяпер усё перашкоды і абмежаванні будуць знятыя, усе арганізацыйныя меры па разгрузцы складоў будуць прынятыя, і па выніках года мы паглядзім, павялічыцца гэтая доля ці не», - заявіў чыноўнік.

Паводле яго словаў, на сённяшні дзень падрыхтавана 6 нарматыўна-прававых дакументаў па паляпшэнні ўмоваў дзейнасці прадпрымальнікаў, перадае БелТА.

«Усё, што прапаноўвалася ІП і суб'ектамі малога прадпрымальніцтва - юрасобамі, - улічана», - падкрэсліў Тапілін.

Калі ж бізнэс не справіцца з пастаўленай задачай і не забяспечыць значны рост гэтай долі да канца года, дык «прыйдзецца канстатаваць, што прадстаўнікі бізнэсу, акрамя лозунгаў і заяваў, не гатовыя прапанаваць меры па пераадоленні крызісу», - агучыў вердыкт чыноўнік.

Апошнія навіны