Магілёўскія ўлады зладзілі для прадпрымальнікаў дэгустацыю «чарніла» (Фота)
- 23.09.2009, 16:55
З мэтай разгрузіць склады мясцовыя ўлады і гарадскі цэнтр развіцця прадпрымальніцтва арганізавалі спецыяльную прэзентацыю тавараў айчынных прадпрыемстваў.
У выставачным комплексе «Прыдняпроўе» былі выстаўленыя беларускія тавары: марожанае, каўбасы, станкі, лодкі. Як адзначае «Еўрарадыё», магілёўскія ўлады нават прапанавалі прадпрымальнікам прадэгуставаць мясцовыя пладова-ягадныя віна, так званыя «чарніла».
Прадпрымальнікаў запрашалі на выставу па тэлефоне. Асаблівага ажыятажу не назіралася, але зацікаўленасць і перамовы ў кулуарах вяліся. Праўда невядома, ці адважыўся хто-небудзь з прадпрымальнікаў паспрабаваць беларускія «чарніла».
Арганізатары спадзяюцца, што выстава дапаможа рэалізаваць пастанову Лукашэнкі — разгрузіць склады.
Нагадаем, ва ўрадзе падрыхтаваны указ Аляксандра Лукашэнкі, які мусіць падштурхнуць індывідуальных прадпрымальнікаў працаваць на экспарт: прадаваць прадукцыю беларускіх вытворцаў. Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае максімальнае спрашчэнне падаткаабкладання для ІП-экспарцёраў. Плануецца таксама, што яны будуць выплачваць гандлёвы збор у памеры адной базавай велічыні (35 тысяч рублёў) у месяц.
Пакуль ІП не гараць жаданнем разгружаць склады з беларускімі таварамі.