BE RU EN

Імпартныя цыгарэты ў Беларусі знікнуць канчаткова

  • 24.09.2009, 10:29

Ужо пачынаючы з наступнага года асноўныя імпартныя маркі цыгарэтаў будуць вырабляць унутры краіны.

Japan Tobacco International мае намер вырабляць у Беларусі асноўныя маркі сваіх цыгарэтаў з 2010 года. Пра гэта 23 верасня заявіў рэгіянальны прэзідэнт кампаніі па краінах СНД, Румыніі і Адрыятыцы Марцін Брэдак. У кастрычніку на гарадзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» плануецца распачаць кантрактную вытворчасць цыгарэт марак Winston і Glamour фармату Super Slims (супертонкія), паведамляе БелаПАН.

Па словах Марціна Брэдака, 99% запатрабаванняў Japan Tobacco International па размяшчэнні марак цыгарэтаў у Беларусі будуць задаволеныя ў 2010 годзе на магутнасцях ААТ «Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» і ТАА «Тытунь-Інвест».

«Да канца года на фабрыцы «Тытунь-Інвест» JTI мае намер наладзіць вытворчасць адной са сваіх вядучых марак цыгарэт з вугальным фільтрам Mild Seven, якая зараз імпартуецца», - адзначыў спецыяліст. Раней на гэтым прадпрыемстве была наладжаная кантрактная вытворчасць асноўных гандлёвых марак JTI: Winston, Camel, Monte Carlo, Magna і More.

Прадстаўнік падкрэсліў, што ў Беларусі на дадзены момант выключаная магчымасць вытворчасці толькі некалькіх марак цыгарэт прэміяльнага і прэстыжнага сегментаў, у прыватнасці Sobranie з квадратным пачкам і марка цыгарэт Glamour Perfume Box.

«JTI аказала дапамогу менскай фабрыцы «Тытунь-Інвест» для набыцця абсталявання па вытворчасці і пакаванні цыгарэтаў у пачках з закругленымі кутамі агульнай магутнасцю каля 4,5 млрд. штук цыгарэтаў у год», - паведаміў Марцін Брэдак.

Па словах прадстаўніка, доля кампаніі на беларускім рынку складае 32%. «Мы б хацелі нарасціць яе ў будучыні, але ёсць абмежаванні, звязаныя з кватаваннем вытворчасці», - дадаў спецыяліст.

Апошнія навіны