БРСМ узвядзе статую «Працоўны і калгасніца» і закліча запісацца ў камсамол
- 24.09.2009, 10:52
24 верасня праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адзначыць дзень утварэння камсамола ў Беларусі.
БРСМ прысвеціць дню камсамола «перформанс», які адбудзецца сёння ў Менску.
«Мы прэзэнтуем новыя формы авангарднага мастацтва і ў 16.00 упрыгожым сквер ім. Дзяржынскага новымі скульптурнымі кампазіцыямі», - адзначылі БелТА ў праўладнай моладзевай арганізацыі.
Проста ў цэнтры сквера на Камсамольскай вуліцы мінакі змогуць убачыць працу калектыва сучасных «скульптараў» БРСМ, якія ў рэкордна кароткія тэрміны створаць жывы знак СССР - статую «Працоўны і калгасніца».
Наводдаль размесціцца ярка-пунсовая скульптура па матывах вядомага плаката «Радзіма-маці кліча». А БРСМшчык у ваеннай форме часоў грамадзянскай вайны (шынялі і будзёнаўцы), паказваючы на натоўп рукой, звернецца да мінакоў з пытаннем: «Ты запісаўся добраахвотнікам?».
Таксама актывісты праўладнага саюза моладзі паведамілі, што сёння ў цэнтры Менска можна будзе сфатаграфавацца з маладой настаўніцай у чырвонай хустцы і чорнай скуранцы і такім чынам уявіць з сябе другі персанаж скульптуры «Вучыцца, вучыцца, вучыцца!». З'явіцца жывая скульптура пад назвай «Даеш ударную камсамольскую!»