«Беларусь - не палігон!» (Фота)
- 24.09.2009, 11:36
У цэнтры Менска адбылася акцыя супраць ваенных вучэнняў «Захад-2009» і ўцягвання Беларусі ў ваенныя канфлікты Расеі.
Актывісты партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» 23 верасня ў 15:30 на мосце над вуліцай Свярдлова вывесілі расцяжку са словамі «Беларусь - не палігон. Расейцы go home!». Як адзначае сайт www.bchd.info, да расцяжкі быў прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг.
Моладзевыя актывісты хацелі прыцягнуць увагу грамадства да прысутнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі ў межах ваенных вучэнняў «Захад-2009». А таксама выказаць свой пратэст у сувязі з уцягваннем Беларусі ў ваенныя інтэрасы Расеі.
Нагадаем, што ў манеўрах «Захад-2009» удзельнічаюць больш за 12 тысячаў вайскоўцаў і некалькі сотняў адзінак баявой тэхнікі. Ніколі раней на тэрыторыю нашай краіны не ўваходзіла такая колькасць расейскіх вайскоўцаў – 6 тысячаў салдатаў.
У вучэнні задзейнічаная баявая і спецыяльная тэхніка, у тым ліку 103 лятальныя апараты (63 самалёты і 40 верталётаў), каля 470 баявых браняваных машынаў, 228 танкаў, 234 самаходных і буксаваных артылерыйскіх прыладаў, мінамётаў і рэактыўных сістэмаў залпавага агню.
Адной з мэтаў вучэнняў называецца ліквідацыя ўзброеных канфліктаў, але беларускія дэмакратычныя сілы ўпэўненыя, што вучэнні нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі.