Дэмакраты патрабуюць распачаць крымінальную справу супраць Лукашэнкі
- 24.09.2009, 13:55
Патрабаванне распачаць справу па факце заявы пра фальсіфікацыю выбараў 24 верасня перададзенае ў Генпракуратуру.
Як паведамляе БелаПАН, сярод тых, хто падпісаў заяву, — экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, рэжысёры Віктар Дашук і Юрый Хашчавацкі, прафсаюзныя лідэры Аляксандр Ярашук і Аляксандр Бухвостаў, палітыкі Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Мікалай Статкевіч, Віктар Івашкевіч, Яраслаў Раманчук і іншыя.
Падставай для іх звароту сталі наступныя словы з інтэрв'ю Лукашэнкі, апублікаванага 27 жніўня расейскай газетай «Известия»:
«За мяне на апошніх выбарах прагаласавала, да ведама, 93%. І я прызнаўся потым, калі мяне проста пачалі душыць, што мы фальсіфікавалі выбары (…) Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80, я не памятаю, колькі. Таму што за 90 — гэта ўжо псіхалагічна не ўспрымаецца. Але гэта была праўда».
«Гэта ўжо другое публічнае прызнанне ў фальсіфікацыі вынікаў галасавання, зробленае Аляксандрам Лукашэнкам, таму яго словы не могуць заставацца без рэакцыі грамадскасці, праваахоўных органаў Беларусі і міжнароднай супольнасці», — гаворыцца ў звароце.
На думку яго ініцыятараў, такія заявы, а таксама адсутнасць на іх рэакцыі з боку Генпракуратуры «даюць падставы сцвярджаць, што ў 2010—2011 гадах у Беларусі вынікі галасавання на мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах зноў будуць сфальсіфікаваныя».
«Канстытуцыя дэкларуе, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам. Вам, як Генеральнаму пракурору Беларусі, выпаў шанец даказаць, што гэта сапраўды так», — пішуць апазіцыйныя дзеячы, звяртаючыся да Рыгора Васілевіча.
Яны заклікаюць генпракурора «высветліць, каму Аляксандр Лукашэнка загадаў фальсіфікаваць вынікі галасавання, і хто, якім чынам гэта ажыццяўляў на практыцы».