КНДР адмовілася ад камунізму і прыняла «ідэалогію ваеннага развіцця»
- 28.09.2009, 16:56
Паўночная Карэя пераглядзела канстытуцыю, каб забяспечыць яшчэ больш улады дыктатару Кім Чэн Іру.
Таксама перагляд канстытуцыі КНДР фармальна зафіксаваў адмову ад камунізму і замацаванне ваеннай ідэалогіі, паведамляе Reuters са спасылкай на паўднёвакарэйскае міністэрства аб’яднання.
Новая канстытуцыя выключае рызыку неадназначнага тлумачэння ўладных паўнамоцтваў Кім Чэн Іра.
«Старшыня – галоўнакамандуючы ўсімі войскамі і кіруе ўсёй краінай», - гаворыцца ў канстытуцыі, якая ўступіла ў сілу ў красавіку, але толькі зараз была апублікаваная ўрадам Паўднёвай Карэі.
Зараз старшыня з’яўляецца «вярхоўным лідэрам» краіны. Нягледзячы на тое, што гэта пазіцыя стала цэнтрам улады пры Кіме, у папярэдняй канстытуцыі 1998 года казалася, што старшыня проста ажыццяўляе нагляд за дзяржаўнымі пытаннямі.
Міністэрства аб’яднання паведаміла, што ў новай канстытуцыі няма ніводнага ўзгадвання пра камунізм – ідэалогіі, якая панавала пры бацьке сучаснага лідэра Кім Ір Сэне. Замест гэтага ўзгадваецца палітыка, што ставіць на першае месца ваеннае развіццё, якое з’яўляецца найгалоўнейшым прынцыпам Кіма-малодшага.
Паўднёвакарэйскія СМІ працытавалі прадстаўніка КНДР, які сказаў, што такія змены былі ўнесеныя, бо Паўночная Карэя ўсвядоміла, што ідэі камунізма «цяжка ажыццявіць».
Эксперты па дзяржаўнай прапагандзе Паўночнай Карэі гавораць, што ідэалогія ваеннага развіцця дапамагае Кіму ўхіліцца ад адказнасці за рэзкі эканамічны спад у краіне: ён можа сцвярджаць, што значныя выдаткі на абарону неабходныя для бяспекі ад пагрозаў з боку ЗША.
КНДР ніколі не была багацейшай за Паўднёвую Карэю, якая зараз з’яўляецца чацвёртай найбуйнейшай эканомікай у Азіі. Паўночная Карэя пачала бяднець ад тых часоў, як Кім прыйшоў да ўлады. У выніку голаду 1990-х гадоў загінула каля мільёна карэйцаў з прыкладна 22 мільёнаў, насяляючых КНДР.