BE RU EN

Пенсіі «замарозілі»?

  • 28.09.2009, 17:13

Рашэнне пра падвышэнне памеру пенсій да канца гэтага года дагэтуль не прынятае.

Пра гэта, як паведамляе «Інтэрфакс», заявіла на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валянціна Каралёва.

«Рашэнне пра падвышэнне памеру пенсій будзе прымацца з улікам магчымасцяў эканомікі», - сказала Каралёва.

Пры гэтым намеснік міністра заявіла, што ў гэтым годзе працоўныя пенсіі, вылічаныя з сярэдняй зарабатнай платы працаўнікоў, не пераглядаліся, бо заканадаўча ўсталяваная для пераліку 15-адсоткавая мяжа росту гэтага паказчыка пакуль не перавышана. Аднак, пры гэтам пераглядаліся мінімальныя і сацыяльныя пенсіі.

Намміністра ўдакладніла, што прагнозныя паказчыкі па росце пенсій не выконваюцца. Тлумачачы прычыну гэтага, В.Каралёва заўважыла, што эканамічная сітуацыя ў краіне абумовіла зніжэнне тэмпаў росту зарабатнай платы і прыбыткаў насельніцтва ўвогуле, што аказвае непасрэдны ўплыў на паступленне ў фонд сацабароны сум страхавых унёскаў, якія з’яўляюцца крыніцай фінансавання выплаты пенсій.

Апроч гэтага, В.Каралёва паведаміла, што пакуль пенсіённы ўзрост у Беларусі пераглядацца не будзе. Аднак, на яе думку, «для таго, каб пенсіі былі высокія, чалавек мусіць выходзіць на пенсію пазней, чым зараз».

Апошнія навіны