BE RU EN

Лукашэнка кладзецца пад расейскія танкі (Фота, вiдэа)

  • 29.09.2009, 10:55

За маштабнымі расейска-беларускімі вучэннямі «Захад-2009» сёння на палігоне пад Баранавічамі разам з Аляксандрам Лукашэнкам назірае прэзідэнт Расеі Дмітры Мядзведзеў.

Візіт Дзмітрыя Мядзведзева ў Беларусь будзе доўжыцца адзін дзень, і пакуль невядома, ці пройдуць двухбаковыя перамовы двух кіраўнікоў. Падчас свайго нядаўняга выступу ва ўніверсітэце ў Пітсбургу расейскі прэзідэнт адзначыў, што «у найбліжэйшы час пасля вяртання з ЗША» ён збіраецца разам з Аляксандрам Лукашэнкам «абмеркаваць самыя розныя пытанні».

Тым не менш, учора прадстаўнік расейскай амбасады ў Менску паведаміў «Радыё Свабода», што Дзмітры Мядзведзеў будзе толькі прысутнічаць на ваенных вучэннях.

«Перад прэзідэнтамі будуць разгорнутыя баявыя дзеянні. Тут будуць высаджвацца парашутысты. Потым пройдзе ўзнагароджванне. Перамовы не запланаваныя», - паведамілі ў амбасадзе.

Вайскоўцы ў чаканні прэзідэнтаў ужо правялі ў Баранавічах некалькі рэпетыцыяў. У прэс-службе Міністэрства абароны пацвердзілі, што сёння вучэнні «Захад-2009» завяршаюцца. Каля 6 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у манеўрах, пачнуць пакідаць тэрыторыю Беларусі 30 верасня.

Кіраўнік прэс-службы Мінабароны Вячаслаў Раменчык адзначыў: «Сёння будзе ў камплекце адпрацаваная задача абароннай аперацыі рэгіянальнай групы войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі. Асноўная частка будзе праходзіць на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі».

Напярэдадні сустрэчы расейскія СМІ паведамляюць, што за месяц, які прайшоў, спіс узаемных прэтэнзіяў Расеі і Беларусі толькі павялічыўся.

Як высветліла газета «Коммерсантъ», сур'ёзныя праблемы перажывае і стварэнне адзінай сістэмы СПА. Пагадненне аб стварэнні адзінай сістэмы СПА двух краінаў прэзідэнты Мядзведзеў і Лукашэнка падпісалі яшчэ ў лютым, аднак гэты дакумент дагэтуль не ратыфікаваны. Беларускі бок у якасці абавязковай умовы высоўвае буйныя ільготныя пастаўкі расейскіх узбраенняў і размяшчэнне замоваў Мінабароны РФ на беларускіх заводах, што катэгарычна не задавальняе Маскву.

Захоўваюцца супярэчнасці і ў энергетычнай сферы: Менск па-ранейшаму не гасіць доўг за пастаўкі расейскага газу. Праблема ў тым, што Масква і Менск тлумачаць вынікі красавіцкіх газавых перамоваў прэзідэнтаў дыяметральна супрацьлегла. Няма ніякай яснасці і ў пытанні пра Абхазію і Паўднёвую Асецію, незалежнасць якіх Лукашэнка абяцае прызнаць яшчэ з мінулага года.

Пытанне пра расейскія крэдыты для Лукашэнкі па-ранейшаму стаіць вельмі востра. Спробы беларускага боку выкарыстаць альтэрнатыўныя крэдытныя рэсурсы з Захаду пакуль малапаспяховыя. Гэта азначае, што атрыманне расейскіх крэдытаў для ўладаў Беларусі актуальнае як ніколі. Зрэшты, Масква не спяшаецца насустрач Менску.

У міністра фінансаў РФ Аляксея Кудрына на гэты конт асобая думка. Ён зазначае тое, што беларуская эканоміка можа стаць неплацёжаздольнай ужо ў канцы 2009 - пачатку 2010 гадоў у сувязі з вялікім аб'ёмам крэдытаў. Паводле яго словаў, прырост пагашэння па крэдытах у 2011 годзе можа скласці звыш за 1 мільярд даляраў.

У гэтых умовах, на думку палітолага Андрэя Фёдарава, Лукашэнку важна захаваць датаванне Беларусі ў выглядзе танных расейскіх энерганосьбітаў, захаваць рынкі збыту беларускай прадукцыі і транзіт. Але пры якіх умовах Расея можа пайсці на саступкі ў гэтых пытаннях?

«Перш за ўсё, Расеі трэба, каб Беларусь была паслухмянай у знешняй палітыцы. У гэтым плане, «добры», у двукоссі, крок – гэтыя вучэнні. Гэта дэманстрацыя таго, што мы гатовыя легчы пад танкі, але не пусціць іх на Маскву», -- адзначыў эксперт у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Нагадаем, што ў манеўрах «Захад-2009» удзельнічаюць больш за 12 тысячаў вайскоўцаў і некалькі сотняў адзінак баявой тэхнікі. Ніколі раней на тэрыторыю нашай краіны не ўваходзіла такая колькасць расейскіх вайскоўцаў – 6 тысячаў салдатаў.

У вучэнні задзейнічаная баявая і спецыяльная тэхніка, у тым ліку 103 лятальныя апараты (63 самалёты і 40 верталётаў), каля 470 баявых браняваных машынаў, 228 танкаў, 234 самаходных і буксаваных артылерыйскіх гарматаў, мінамётаў і рэактыўных сістэмаў залпавага агню.

Адной з мэтаў вучэнняў называецца ліквідацыя ўзброеных канфліктаў, але беларускія дэмакратычныя сілы ўпэўненыя, што вучэнні нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі.

Фота РИА Новости

Апошнія навіны