BE RU EN

Працоўным заводаў прапануюць месці вуліцы і працаваць у калгасах

  • 29.09.2009, 11:41

Пакуль на некаторых заводах людзі ходзяць на працу тры разы ў тыдзень, урадавыя чыноўнікі праводзяць паседжанні аб барацьбе з крызісам.

«За 8 месяцаў гэтага года ўзровень беспрацоўя не выйшаў за межы прагнозу, але не цалкам занятых у жніўні было больш за 100 тысячаў чалавек, а за 8 месяцаў - больш за 300 тысячаў чалавек, што ў чатыры разы перавышае паказчык аналагічнага перыяду мінулага года, - цытуе «Комсомольская правда в Беларуси» са спасылкай на «Інтэрфакс» кіраўніка ўрада Сяргея Сідорскага. - …Гэтыя пытанні носяць востры характар».

На МТЗ тых, хто працуе няпоўны працоўны тыдзень, 13 тысячаў, на БелАЗе - каля 6,8 тысячы, на фабрыках Беллегпрама - больш за 6 тысячаў чалавек. Усяго ж, паводле дадзеных статыстыкі за студзень-ліпень, менш за належны час працаваў кожны 12-ы працаўнік у краіне.

На думку прэм'ера, няпоўная занятасць ужо перастае быць апраўданай антыкрызіснай мерай.

«Перыяд адпачынкаў ужо скончыўся, - заявіў Сідорскі ўраду. - Як вы будзеце займаць працоўных?»

Якія ж меры прымае Мінпрацы па пытанні занятасці насельніцтва?

«Вядзецца праца па ўзмацненні сацыяльнай падтрымкі вымушана незанятых працаўнікоў. Напрыклад, тыя, хто знаходзяцца ў адпачынку без захавання зарплаты, могуць удзельнічаць у грамадскіх працах, якія аплачваюцца - распавяла прэс-сакратар Мінпрацы Галіна Трафіменка. - На 1 верасня больш за 700 прадпрыемстваў падалі звесткі аб наяўнасці 8,3 тысячы часовых працоўных месцаў. Віды працаў самыя розныя: уборка сельгаспрадукцыі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, дапаможныя працы ў будаўніцтве, лясной гаспадарцы (абсяканне сучкоў) і гэтак далей».

Напрыклад, можна ўладкавацца гардэробшчыкам у сталічны шпіталь (за 200-300 тысячаў рублёў), сартавальнікам (400 тысячаў) ці качагарам (500 тысячаў) у райцэнтры.

«Акрамя гэтага, наймальніку могуць кампенсаваць выдаткі на апераджальнае навучанне працаўнікоў, які вызваляюцца з-за ліквідацыі прадпрыемства ці скарачэння штата», -- дадалі ў Мінпрацы.

Апошнія навіны