Швецыя будзе называць беларускі народ belarusier
- 29.09.2009, 15:15
Шведская акадэмія пасля зваротаў грамадскасці прыняла рашэнне змяніць афіцыйную шведскую назву беларускага народа з vitryssar на belarusier.
Адпаведнае рашэнне прынятае на паседжанні акадэміі 25 верасня.
Як паведаміў БелаПАН шведскі пісьменнік беларускага паходжання Дзмітрый Плакс, Акадэмічны слоўнік шведскай мовы, які складаецца і выдаецца акадэміяй, не ўтрымлівае афіцыйных геаграфічных назваў, але ўтрымлівае назвы народаў.
Плакс тлумачыць: слоўнік акадэміі – эталон словаўжывання, і паколькі новая назва беларуса – belarusier – вынікае з назвы краіны – Belarus, мусіць быць прынятае рашэнне аб змене афіцыйнай назвы самой краіны.
На 1 кастрычніка прызначана паседжанне так званай моўнай групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу арганізацый, у тым ліку Шведскай акадэміі і Шведскай дзяржаўнай моўнай рады. Яны разгледзяць пытанне афіцыйнай змены геаграфічнай назвы Беларусі на шведскай мове.
Як паведамлялася раней, беларусы, якія пражываюць у Швецыі, некалькі гадоў дамагаліся змены афіцыйнай шведскай назвы Беларусі. У іх звароце адзначалася, што сучасная назва Беларусі – Vitryssland – літаральна перакладаецца як «Белая Расея». Гэта, на іх думку, прыніжае суверэнітэт Беларусі «пры дапамозе неабгрунтаванай спасылцы на Расею». Апроч гэтага, з-за такой назвы шведы пастаянна блытаюць беларусаў з расейцамі.
Актывісты кампаніі звяртаюць увагу на тое, што ўпершыню пытанне пра змяненне афіцыйнай назвы Беларусі з Vitryssland на Belarus уздымалася шведскім дэпутатам Урбанам Алінам у 1669 годзе. Шведскі моўны камітэт тады не падтрымаў гэтую прапанову, палічыўшы яе неабгрунтаванай.