Мікалай Чаргінец: «Грамадская рада па маральнасці мусіць навучыцца адсочваць інтэрнэт»
- 3.09.2009, 9:35
Сацыяльныя праблемы Грамадская рада па маральнасці мае намер вырашаць разам са СМІ, спецыялістамі і дзяржавай.
Пра гэта 2 верасня заявіў старшыня рады і кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, перадае БелаПАН.
Сярод найбольш важных сацыяльных праблем ён назваў штогадовае скарачэнне колькасці насельніцтва краіны на 50 тысяч, выхаванне дзяцей у сям'і, распаўсюджванне п'янства, наркаманіі і СНІДу, а таксама праявы хамства і абыякавасці ў грамадстве.
Як лічыць Чаргінец, сябры рады «павінны навучыцца калі не кантраляваць, то прынамсі адсочваць інтэрнэт» у тых выпадках, калі гаворка ідзе пра «перакрыццё» магчымасцяў пропаведзі гвалту, злобы і хамства.
Па словах загадчыка юрыдычнага ўпраўлення Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы Андрэя Алешкі, рада павінна выявіць карані сацыяльных і іншых праблем, назапашаных у грамадстве, і прыцягваць да гэтых пытанняў увагу дзяржаўных і грамадскіх структур.
Юрыст лічыць, што дзейнасць рады стане крокам да фармавання ў Беларусі «здаровай і моцнай грамадзянскай супольнасці».