У Беларусі развітваюцца з загінулымі ў Польшчы лётчыкамі
- 3.09.2009, 11:18
2 і 3 верасня ў горадзе аб'яўлена жалоба ў сувязі з трагедыяй у польскім горадзе Радаме.
Жалобная цырымонія арганізавана 3 верасня ў цэнтры ідэалагічнай і культурна-масавай працы Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА. Чакаецца прыбыццё міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава, паведамляе БелаПАН.
2 і 3 верасня ў горадзе аб'яўлена жалоба. Усе размешчаныя на флагштоках дзяржаўныя сцягі і сцягі ВПС прыспушчаны, многія сцягі на будынках прыбраныя чорнымі стужкамі.
У гэтым годзе беларуская ваенная авіяцыя ўпершыню ўдзельнічала ў авіяшоу ў Радаме — найбуйнейшым у Польшчы. На стаянцы дэманстраваліся франтавы бамбардзіроўшчык Су-24М 116-й гвардзейскай Радамскай Чырванасцяжнай бамбардзіровачна-разведвальнай авіяцыйнай базы (Рось, Гарадзенская вобласць) і транспартны самалёт Іл-76МД 50-й змяшанай авіяцыйнай ордэна Чырвонай Зоркі базы (Мачулішчы, Менскі раён).
Шматфункцыянальны знішчальнік Су-27УБМ-1 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы (Баранавічы, Берасцейская вобласць) пад кіраўніцтвам Марфіцкага і Жураўлевіча павінен быў ажыццявіць дэманстрацыйны палёт, ён практычна замыкаў паказальную праграму.
Праз некалькі гадзін пасля катастрофы начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык агучыў папярэднюю версію падзей і прычыну аварыі, якія да гэтага часу з'яўляюцца адзінымі афіцыйнымі ў Беларусі.
Па словах Раменчыка, падчас выканання фігур вышэйшага пілатажу знішчальнік пачаў губляць вышыню. Пілоты прынялі рашэнне не катапультавацца, а адвесці самалёт на максімальна магчымую адлегласць ад населенага пункта. Такім чынам, цаной свайго жыцця беларусы прадухілілі больш цяжкія наступствы катастрофы. Прычынай аварыі магло стаць траплянне птушкі ў паветразаборнік рухавіка знішчальніка.
Пазней СМІ назвалі яшчэ некалькі верагодных прычын катастрофы Су-27УБМ-1. Сярод іх — памылка пілотаў пры выкананні фігуры вышэйшага пілатажу на невялікай вышыні, страта прытомнасці адным з лётчыкаў, а таксама «пірацкая» мадэрнізацыя знішчальніка.
Што тычыцца версіі пра «памылку пілотаў», то трэба адзначыць: загінулыя мелі вышэйшую прафесійную кваліфікацыю — «лётчык-снайпер». Такіх спецыялістаў у беларускай ваеннай авіяцыі па стане на 30 жніўня налічвалася ўсяго 20 чалавек.
30 жніўня для расследавання прычын авіякатастрофы была створана беларуска-польская камісія. Беларуская ваенная пракуратура (БВП) распачала справу па ч. 2 арт. 465 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў палётаў ці падрыхтоўкі да іх, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх ці больш асоб). Прадстаўнік БВП працуе ў складзе змяшанай камісіі.
У склад групы ўключаны таксама спецыяліст страхавой кампаніі «Прамтрансінвест», якая 24 жніўня заключыла з баранавіцкай знішчальнай авіябазай тры дамовы.
Першая — дамова добраахвотнага страхавання паветранага судна на страхавую суму 870 тыс. даляраў ЗША. Згодна з дакументам, самалёт Су-27УБМ-1 1989 года выпуску належаў Міністэрству абароны, эксплуатаваўся вайсковай часцю 54804.
Другая — дамова добраахвотнага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветраных суднаў з лімітам адказнасці перад трэцімі асобамі ў 1 млн. долараў ЗША.
Трэцяя — дамова добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў (лётна-пад'ёмны склад) на страхавую суму 60 тыс. долараў ЗША (па 30 тыс. долараў ЗША на кожную застрахаваную асобу).
Аляксандр Марфіцкі нарадзіўся 16 траўня 1956 года ў пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У 1978 годзе скончыў Харкаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, у 1987 годзе — Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына, у 2002 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі. Апошняя пасада — намеснік камандуючага Заходнім аператыўна-тактычным камандаваннем ВПС і войскаў СПА. Раней камандаваў 61-й знішчальнай авіяцыйнай базай у Баранавічах. Налёт — прыблізна 2,5 тыс. гадзін.
Аляксандр Жураўлевіч нарадзіўся 28 траўня 1963 года ў вёсцы Крэмава Міхайлаўскага раёна Прыморскага края Расеі. Адукацыя — Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў (1984 год). Апошняя пасада — намеснік камандзіра 61-й знішчальнай авіябазы. Налёт — больш за 1,6 тыс. гадзін.
Абодва пілоты жылі ў Баранавічах. У Аляксандра Жураўлевіча засталіся дачка і жонка, у Аляксандра Марфіцкага — жонка і дзве дачкі.