BE RU EN

Беларусь абвесціла Расеі «малочную вайну»?

  • 3.09.2009, 18:41

Ужо на працягу трох тыдняў імпарцёры не могуць ажыццяўляць пастаўкі прадукцыі на беларускі рынак.

Мінсельгаспрад дэ-факта заблакаваў пастаўкі расейскай малочнай прадукцыі на беларускі рынак. Дэ-юрэ ніякіх забарон не прымалася, аднак, як адзначае АФН, ужо на працягу трох тыдняў імпарцёры не могуць ажыццяўляць пастаўкі прадукцыі пры адсутнасці якіх-небудзь тлумачэнняў з боку рэгулятара. Прычым, праблема не звязаная з нізкай якасцю расейскай прадукцыі.

Варта растлумачыць, што, нягледзячы на адсутнасць мытнай мяжы, любая партыя малочнай (і не толькі) прадукцыі можа быць завезеная з Расеі толькі пры наяўнасці дазволу Мінсельгаспрада. Як паведаміла знаёмая з сітуацыяй крыніца, беларускае міністэрства не адмаўляецца прымаць у імпарцёраў заяўкі на выдачу дазволаў.

Аднак наступныя дзеянні не прадпрымаюцца. Заяўкі на дазвол папросту складуюцца на чыноўніцкіх сталах без якіх-небудзь афіцыйных тлумачэнняў. Чыноўнікі таксама не паведамляюць, як доўга будзе працягвацца падобная практыка.

Зрэшты, ніхто з імпарцёраў расейскай «малочкі» не ўвязвае падобныя паводзіны Мінсельгаспрада з нядаўняй малочнай вайной і не лічыць існуючую дэ-факта забарону на расейскі імпарт своеасаблівым адказам Менска. Амаль усе сходзяцца да меркавання, што такім чынам Мінсельгаспрад Беларусі спрабуе выканаць даручэнне кіраўніцтва краіны па зніжэнні спажывецкага некрытычнага імпарту, тым больш што ў Беларусі вырабляюцца аналагічныя «імпартазамяшчальныя» прадукты.

Аднак калі б на расейскую малочную прадукцыю не было попыту, яе б папросту ніхто не завозіў у краіну. У сувязі з гэтым незадаволенасць імпарцёраў, якія прастойваюць, расце па цалкам зразумелых прычынах, а сама праблема ўжо дарасла да ўзроўня расейскага кіраўніцтва.

Нагадаем, што гэтым летам паміж Беларуссю і Расеяй разгарэлася «малочная вайна». У першай дэкадзе чэрвеня былі практычна цалкам спыненыя пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў РФ. Расспажыўнагляд абгрунтаваў гэтае рашэнне тым, што беларускія вытворцы і пастаўшчыкі не перааформілі дазвольную дакументацыю ў адпаведнасці з дзейсным у Расеі новым тэхнічным рэгламентам на малако і малочную прадукцыю. Пад забаронай апынулася больш за 1,2 тысячы найменняў. У выніку перамоў бакі дамовіліся, што беларускія вытворцы і пастаўшчыкі будуць паэтапна прыводзіць у парадак дакументацыю на прадукцыю, якая пастаўляецца ў Расею.

Таксама апошнім часам беларускія ўлады прынялі некалькі пастаноў аб абмежаванні імпарту і імпартазамяшчэнні.

У канцы жніўня Менгарвыканкам прыняў рашэнне аб павелічэнні ў крамах долі харчовых беларускіх тавараў да 90% і нехарчовых да 75%.

Таксама з СМІ стала вядома пра пастанову ўрада № 1000, якая прыйшла на змену пастанове № 991. Як пазней прызналіся беларускія ўлады, пастанова № 1000 скіравана на эканомію валютных рэзерваў краіны. З гэтага часу пытанні імпартных закупаў дзяржаўных прадпрыемстваў фактычна будуць вырашаць прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі і яго намеснікі.

Апошнія навіны