Падзенне паказчыкаў па ўсіх франтах
- 7.09.2009, 9:29
Па выніках студзеня–жніўня 2009 года ВУП у Беларусі можа скласці 99,8% да 8 месяцаў мінулага года. Фактычна гэтае першае дно крызісу для Беларусі.
Як паведамляе «Ежедневник», калі гэты паказчык да моманту афіцыйнага прадстаўлення дадзеных Нацыянальным статыстычным камітэтам (да канца першай дэкады верасня) застанецца нязмененным, урад будзе вымушаны абвясціць аб пачатку рэцэсіі ў беларускай эканоміцы.
Пачынаючы з траўня бягучага года працягваецца сур'ёзнае запаволенне тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі. У студзені–траўні ў параўнанні са студзенем–красавіком беларускі ВУП вырас з 101,2% да 101,4%. Але ўжо ў студзені–чэрвені паказчык ВУП склаў 100,3%. Па выніках студзеня–ліпеня адбылося некаторае паляпшэнне – ВУП вырас да 100,4%.
Але, як высветлілася, гэтае паляпшэнне ўяўнае. Да гадавога «юбілею» сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, які шэраг экспертаў адносіць да афіцыйнага банкруцтва ў верасні 2008 года амерыканскіх іпатэчных банкаў, беларуская эканоміка дасягнула свайго першага дна.
Па тых жа папярэдніх адзнаках, у студзені–жніўні працягнулася падзенне прамысловай вытворчасці. Калі ў студзені–ліпені ў параўнанні з аналагічным паказчыкам 2008 года змяншэнне вытворчасці ў цэлым па прамысловасці склала 3,9%, дык ў студзені–жніўні ўжо 4,3%.
Што датычыць асобных галінаў, дык працягнулася падзенне па Міністэрстве прамысловасці. Тэмп вытворчасці па прадпрыемствах гэтага ведамства да 8 месяцаў 2008 года склаў 74,2%. Па-ранейшаму «у мінусах» у параўнанні з мінулым годам Мінбудархітэктуры, «Беллеспаперапрам», «Беллегпрам», Менск, Менская, Магілёўская, Берасцейская вобласці. У параўнанні з ліпенем істотна знізіўся выпуск у сістэме «Белдзяржхарчпрама»: у студзені-ліпені тэмп быў 109,8%, па выніках студзеня-жніўня – ужо 104%.
Прыкметна ніжэй, чым у ліпені, апынуліся тэмпы сельскагаспадарчай вытворчасці. У студзені–ліпені яны складалі 108,8%, адзнака студзеня–жніўня – 103,5%. Прычым тут падзенне адбылося абсалютна па ўсіх галінах, а больш за ўсё па Берасцейскай – са 109,5% у студзені–ліпені да 103% у студзені–жніўні.
Некаторае павелічэнне аб'ёмаў у сферы паслугаў, рознічным таваразвароце і будаўніцтве, на якія разлічваў урад у барацьбе з крызісам, не змагло сур'ёзна паўплываць на эканамічны рост.
Па папярэдняй ацэнцы 8 месяцаў 2009 года, адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу склала 3,57 млрд даляраў, павялічыўшыся за месяц амаль на 440 млн даляраў.
Пры гэтым экспарт тавараў і паслугаў склаў 14,73 млрд даляраў (тэмп да аналагічнага перыяду мінулага года 55,6%), імпарт 18,3 млрд даляраў (63,8%). Адмоўнае сальда па гандлі таварамі за разгляданы перыяд склала 4,4 млрд даляраў, дадатнае сальда па паслугах – 830 млн даляраў.