BE RU EN

Зарплату з картак Visa і MasterCard перавядуць на БелКарт

  • 8.09.2009, 9:22

Чуткі пра абмежаванне выкарыстання ў Беларусі пластыкавых картак атрымалі афіцыйнае пацверджанне.

Як паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у галоўным упраўленні плацёжнай сістэмы Нацыянальнага банка РБ, у адпаведнасці з дзяржпраграмай мераў па развіцці ўнутранай плацёжнай сістэмы «БелКарт» да 2011 года банкі да канца 2010 года павінны забяспечыць паэтапны пераход на выкарыстанне банкаўскіх пластыкавых картак сістэмы «БелКарт» для выплаты зарплаты працаўнікам бюджэтных арганізацыяў, дзяржпрадпрыемстваў і акцыянерных таварыстваў, у якіх кантрольны пакет належыць дзяржаве.

Visa і MasterCard губляюць бізнэс у Беларусі

Паводле дадзеных НБ РБ, на 1 ліпеня 2009 года агульная эмісія банкаўскіх пластыкавых картак у краіне склала 6,5 млн. шт. З іх на долю Visa і MasterCard прыходзіцца 89% эмісіі, на долю унутранай сістэмы «БелКарт» - толькі 11%.

На пластыкавую картку пераводзяць зарабатную плату сваіх супрацоўнікаў практычна ўсе суб'екты гаспадарання краіны. Зарплатныя праекты складаюць 95% агульнай эмісіі картак. На долю дзяржпрадпрыемстваў і бюджэту прыходзіцца больш за 80% эмітаваных зарплатных картак, якія абслугоўваюцца дзяржбанкамі.

Калі рашэнне аб масавым пераходзе на сістэму «БелКарт» будзе рэалізаванае да канца 2010 года, Visa і MasterCard страцяць практычна ўвесь беларускі рынак зарплатных картак.

Адмова ад міжнародных плацёжных сістэмаў у зарплатных праектах заснаваная на намеры цалкам вярнуць пад кантроль дзяржавы фінансавыя плыні фізасобаў, якія працуюць у бюджэтных арганізацыях і на дзяржпрадпрыемствах. «Visa і MasterCard не могуць кіравацца з Беларусі, мы не можа кантраляваць іх тарыфную палітыку і рызыкі. «БелКарт» цалкам кіруецца ў рэспубліцы, гэта айчынная плацёжная сістэма», - патлумачыў прадстаўнік НББ.

Паводле яго словаў, «гаворка не ідзе пра забарону выкарыстання картак Visa і MasterCard у зарплатных праектах». «Частка сродкаў па зарплаце можа паступаць і на картку міжнароднай сістэмы нароўні з абавязковым выкарыстаннем карткі «БелКарт». Для гэтага трымальнік карткі павінен будзе звярнуцца ў банк, які яго абслугоўвае, з адпаведнай заявай», - удакладніў ён пазіцыю НББ.

Кажучы пра перспектывы рэалізацыі дзяржпраграмы, прадстаўнік НББ канстатаваў: «Гэта даручэнне прэзідэнта». На яго думку, за невыкананне нормаў праграмы банкі «матэрыяльна не пакараюць, але будуць пытанні да банкаў збоку Нацыянальнага банка і Адміністрацыі прэзідэнта». Да таго ж гэтая дзяржпраграма «цалкам узгодненая з вядучымі беларускімі банкамі», дадаў суразмоўца.

У шэраговых карыстальнікаў карткамі ўзнікаюць цалкам абгрунтаваныя пытанні, на якія таксама хацелася б атрымаць адказ.

Як доўга змогуць пералічваць зарабатную плату сваім працаўнікам на пластыкавыя карткі Visa і MasterCard недзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі, не ці атрымаецца што наступным этапам на «БелКарт» перавядуць і іх? Што рабіць тым беларусам, якія на пластыкавыя карткі атрымліваюць зарплату з-за мяжы ў далярах ці еўра? Якая менавіта частка сродкаў па зарплаце можа паступаць і на картку міжнароднай сістэмы нароўні з абавязковым выкарыстаннем карткі «БелКарт» у адсоткавых суадносінах? Ці можна будзе без праблемаў скарыстацца пластыкавай карткай «БелКарт» за межамі нашай радзімы, напрыклад у камандзіроўцы ці турыстычнай паездцы? Ці дазволяць бюджэтнікам здымаць свае грошы з нацыянальнай карткі і залічваць іх на міжнародную Visa ці MasterCard?

Апошнія навіны