BE RU EN

Ярмошыну не запрасілі на выбары прэзідэнта Украіны

  • 11.01.2010, 15:57

Прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама Беларусі не паедуць назіральнікамі на прэзідэнцкія выбары ва Украіну.

Пра гэта паведміў сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік. Паводле яго словаў, украінскі ЦВК не запрасіў «калег» з Беларусі. За выбарамі прэзідэнта Украіны будуць назіраць дэпутаты «палаты прадстаўнікоў», якія паедуць у складзе дэлегацыі назіральнікаў ад СНД, паведамляе «Еўрарадыё».

Для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў ва Украіну паедзе таксама група назіральнікаў ад беларускіх праваабаронцаў у складзе 50 чалавек. Ладзіць групу назіральнікаў і Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, ад якога паедзе каля 20 чалавек.

Нагадаем, што да прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, якія прызначаныя на 17 студзеня, застаўся ўсяго тыдзень.

Усе выбарчыя кампаніі, якія адбыліся ў Беларусі пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Кіраўніку Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў выбараў забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.

Апошнія навіны