BE RU EN

Прадпрымальнікі: Мытны саюз перашкаджае ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве»

  • 11.01.2010, 17:17

Каардынацыйны савет індывідуальных прадпрымальнікаў выступіў са зваротам у сувязі з членствам Беларусі ў Мытным саюзе трох краін.

У заяве каардынацыйнага савета індывідуальных прадпрымальнікаў гаворыцца, што Мытны саюз можа пазбавіць Беларусь магчымасці заключэння пагаднення аб асацыяцыі па стварэнні паглыбленай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю з краінамі-партнёрамі ў рамках праграмы Еўразвяза «Усходняе партнёрства», перадае БелаПАН.

Як адзначае каардынацыйны савет, 5 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў законы аб ратыфікацыі 13 міжнародных дамоў, накіраваных на фармаванне дамоўна-прававой базы Мытнага саюза ў рамках ЕўрАзЭС паміж Расеяй, Казахстанам і Беларуссю.

«З прыняццем прававой асновы Мытны саюз становіцца суб'ектам міжнароднага права. Агульная знешнегандлёвая палітыка яго ўдзельнікаў будзе ажыццяўляцца на аснове ставак Адзінага мытнага тарыфу. Правам іх усталявання і ўжывання льгот надзяляецца Камісія Мытнага саюза з вырашальным голасам у Маскве», - адзначаецца ў заяве.

Як лічыць каардынацыйны савет, распарадчы прынцып эканамічнай дзейнасці наднацыянальнага маштабу ўсталёўвае бар'ер на шляху ўступлення трох краін у СГА. «Для Беларусі гэта азначае пазбаўленне магчымасці заключэння пагаднення аб асацыяцыі па стварэнні паглыбленай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю з краінамі-партнёрамі ў рамках праграмы Еўразвяза «Усходняе партнёрства», - заяўляюць прадпрымальнікі.

«Мытны саюз - не проста адказ лідэраў трох краін на канкурэнцыю са свабодным рынкам. Ён для іх - палітычны прытулак. Наступствы іх праўлення ўскладаюцца на плечы сусветных вытворцаў. Яны размяркоўваюцца паміж беларускімі, расейскімі і казахскімі спажыўцамі, якія будуць аплочваць сваё рабства з дапамогай мытных пошлін, уключаных у імпарт», - лічыць каардынацыйны савет індывідуальных прадпрымальнікаў.

Апошнія навіны