BE RU EN

МЗС Літвы ўручыў Беларусі ноту пратэсту

  • 13.01.2010, 17:52

МЗС Літвы ўручыў Беларусі ноту ў сувязі з адмовай аказаць юрыдычную дапамогу ў справе генерала Усхопчыка.

У ноце сцвярджаецца, што прыведзеная Генпракуратурай Беларусі падстава не адпавядае двухбаковым пагадненням. МЗС Беларусі папрасілі звярнуць на гэта ўвагу, паведаміла літоўскаму сайту DELFI дыпламатычная крыніца.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, Беларусь дагэтуль адмаўляецца выдаваць Літве генерала Уладзіміра Усхопчыка, які з’яўляецца абвінавачаным па справе аб антыдзяржаўным перавароце 13 студзеня 1991 года. Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ад беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага ўладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта Уладзіміра Усхопчыка ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

На мінулым тыдні генеральная пракуратура Літвы атрымала адказ ад Генпракуратуры Беларусі, у якім сказана, што Літве не акажуць дапамогу па справе 13 студзеня 1991 года. Генпракуратура паўтарыла сваю пазіцыю аб тым, што дзейнасць падазраваных яна ацэньвае згодна з дзеючым у той час законам - законам СССР - як жаданне абараніць канстытуцыйны парадак той дзяржавы і яе тэрытарыяльную цэласнасць.

Міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас у сувязі з гэтым адзначыў, што «абяцанне Аляксандра Лукашэнкі супрацоўнічаць з Літвой у расследаванні асабліва важнай для нашага народа справы 13 студзеня, дадзенае ім падчас візіту ў Вільню, не выкананае».

«Міністэрства замежных спраў у супрацоўніцтве з Генеральнай пракуратурай прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб крымінальны пераслед быў працягнуты. Спадзяемся, што Беларусь будзе ацэньваць правасуддзе не па законах існаваўшай некалі таталітарнай дзяржавы - дзяржавы, якая прынесла шмат шкоды, пакут і ахвяр самім грамадзянам Беларусі, а кіравацца прынцыпамі павагі правоў чалавека, дэмакратыі і добрасуседства», - сказаў Вігаўдас Ушацкас.

13 студзеня ў Літве шануюць памяць мірных людзей, якія загінулі ў 1991 годзе, калі савецкія войскі спрабавалі скінуць законную ўладу ў Літве, пасля таго як Вярхоўны Савет Літвы абвесціў незалежнасць краіны. Генерал Усхопчык камандаваў тады віленскім гарнізонам. Пры спробе савецкіх ваенных захапіць віленскую тэлевежу загінула 14 мірных жыхароў і больш за 1000 чалавек пацярпелі.

Апошнія навіны