Дата чарговых «нафтавых» перамоваў па-ранейшаму невядомая
- 14.01.2010, 13:43
Апошні раўнд перамоваў паміж беларускімі і расейскімі ўладамі адбыўся практычна тыдзень таму.
Прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнкі паведаміў БелаПАН, што дата правядзення перамоваў аб умовах пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь «пакуль невядомая». Апошні раўнд перамоваў адбыўся 9 студзеня ў Маскве.
Як перадавалася раней, акцыянерная кампанія па транспарце нафты «Транснафта» працягвае прапампоўку нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, хаця Беларусь і Расея дагэтуль не ўзгаднілі ўмовы паставак. З пачатку года пастаўкі нафты на беларускія НПЗ ажыццяўляліся ў адпаведнасці з раней заключанымі кантрактамі.
Як заявіла 11 студзеня прэс-сакратарка «Белнафтахіма» Марына Касцючэнка, «нафта паступае ў Беларусь у адпаведнасці з заключанымі дамовамі, нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць у планавым рэжыме». Паводле яе словаў, у поўным аб'ёме ажыццяўляецца таксама транзіт расейскай нафты праз тэрыторыю Беларусі. Планавалася, што з 11 студзеня беларускія прадпрыемствы працягнуць заключэнне кантрактаў з расейскімі кампаніямі на далейшыя пастаўкі нафты, аднак інфармацыю пра гэта ў «Белнафтахіме» пацвердзіць не атрымалася.
Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня накіраваў ліст прэзідэнту Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву з выкладаннем пункту гледжання беларускага боку на сітуацыю вакол перамоваў аб пастаўках расейскай нафты ў 2010 годзе.