Памочнік міністра энергетыкі патрапіў у СІЗА
- 15.01.2010, 13:27
Як стала вядома СМІ, з 13 студзеня памочнік міністра энергетыкі Беларусі Андрэй Жукаў быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле КК 209 ч. 4 («Махлярства») у дачыненні да памочніка міністра энергетыкі Андрэя Жукава, які таксама ўзначальваў упраўленне кантролю і справаводства ў гэтым ведамстве. Як паведамляюць «Беларускія навіны», падставай для яго затрымання паслужылі матэрыялы міліцэйскіх ўпраўленняў па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі УУС Менаблвыканкама.
У выніку памочнік міністра энергетыкі сустрэў стары новы год у ізалятары часовага ўтрымання.
Жукаў падазраецца ў тым, што ён, а таксама генеральны дырэктар ЗАТ ІІП «ЕўраЭнерга» Ігар Паўліш і кіраўнік адной з літоўскіх фірмаў, «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай злачыннай групы, арганізавалі заключэнне 30 траўня 2008 года дамовы паміж РУП «Магілёўэнерга» і пасярэдніцкай структурай ЗАТ «Еўраэнергетыка» на пастаўку сілкавальнай электрапомпы для патрэбаў ЦЭЦ-2 г. Магілёва, па неабгрунтавана завышаным кошце. У выніку сумесных супрацьпраўных дзеянняў ашуканскім шляхам быў здзейснены крадзеж грашовых сродкаў РУП «Магілёўэнерга» на суму 1 546 706 088 рублёў».
Пасля затрымання памочніка міністра змясцілі ў ІЧУ. Што датычыць Ігара Паўліша, дык ён быў арыштаваны пракуратурай Менска яшчэ 30 студзеня 2009 года. Першапачаткова яму прад'явілі абвінавачванне па ч.3 арт.424 КК РБ («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула цяжкія наступствы»). На думку следства, у снежні 2006 года генеральны дырэктар «ЕўраЭнерга», пастаўляючы абсталяванне для РУП «Менскэнерга», прычыніў дзяржаўнаму прадпрыемству шкоду ў памеры 2,5 млрд. рублёў.
Калі гэтая справа абрасла новымі фактамі і фігурантамі, яе ўзяла пад свой кантроль Генеральная пракуратура, ініцыявалая праверкі ўсіх энергетычных кантрактаў «ЕўраЭнерга». Для даведкі: гэтае закрытае акцыянернае таварыства каля дзесяці гадоў з'яўлялася найбуйнейшым партнёрам Мінэнерга па пастаўках абсталявання для мадэрнізацыі беларускай энергетычнай сістэмы. У жніўні 2009 года Ігару Паўлішу прад'явілі абвінавачванне ў стварэнні, кіраўніцтве і ўдзеле ў дзейнасці злачыннай арганізацыі, якая, на думку следства, прынесла Беларусі шкоду ў памеры 50 млрд. рублёў.