РФ бярэ 100% пошліны і за нафтапрадукты. «Белнафтахім» - без каментароў
- 15.01.2010, 15:04
У СМІ трапіў тэкст тэлетайпаграмы Федэральнай мытнай службы Расеі.
Расея пачала спаганяць 100% пошліну на нафтапрадукты, што пастаўляюцца ў Беларусь. Згодна з пастановай урада Расеі № 1091 ад 25 снежня 2009 года, усе нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь, будуць адгружацца толькі пры ўмове аплаты 100% расейскай экспартнай пошліны.
«Пры мытным афармленні нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты, што ўвозяцца з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ў Беларусь з першага студзеня 2010, ужываць стаўкі вывазных мытных пошлін, вызначаных пастановай урада РФ ад 25.12.2009 № 1091», - гаворыцца ў тэксце тэлетайпаграмы Федэральнай мытнай службы РФ, паведамляе АФН.
Пастанова ўрада РФ № 1091 выклікала шэраг пытанняў у расейскіх экспарцёраў і беларускіх імпарцёраў. На думку беларускіх імпарцёраў, Расея не павінна спаганяць 100-адсоткавую экспартную пошліну пры адгрузцы нафтапрадуктаў у Беларусь. Супрацоўнікі ФМС РФ кіруюцца ў сваёй працы тэкстам тэлетайпаграмы, адмаўляючыся афармляць дакументы на экспарт нафтапрадуктаў у Беларусь без выплаты экспартнай пошліны.
Паводле гэтага дакумента, Расея ўсталёўвае памер экспартнай пошліны на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь. А Беларусь выкарыстоўвае названыя ў дакуменце стаўкі пры экспарце нафтапрадуктаў, вырабленых на беларускіх НПЗ.
Раней, усе пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў ажыццяўляліся бяспошлінна. Як паведаміў 18 снежня 2009 года віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын, у 2009 годзе Беларусь імпартавала з Расеі звыш трох мільёнаў тон нафтапрадуктаў (паводле дадзеных Белстата імпарт нафтапрадуктаў з РФ за дзесяць месяцаў 2009 года склаў 2,981 млн. тон).
Тым часам прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка паведаміла БелаПАН, што расейская нафта на беларускія заводы паступае, вядзецца праца па заключэнні новых кантрактаў з расейскімі нафтавымі кампаніямі.
Нагадаем, з пачатку 2010 года расейская нафта паступае на беларускія НПЗ ў адпаведнасці з раней падпісанымі кантрактамі. Паводле розных крыніц, гэтай сыравіны павінна хапіць да сярэдзіны альбо да канца студзеня. Раней прадстаўнікі «Белнафтахіма» заяўлялі, што праца па заключэнні новых кантрактаў пачнецца пасля заканчэння ў Расеі навагодніх вакацый.
Прэс-сакратар «Белнафтахіма» не стала каментаваць паведамленні СМІ аб тым, што Федэральная мытная служба (ФМС) Расеі аддала загад спаганяць 100% экспартнай пошліны пры пастаўках у Беларусь не толькі нафты, але і нафтапрадуктаў.