BE RU EN

Першая акцыя апазіцыі ў новым годзе ў Менску (Фота)

  • 16.01.2010, 19:49

Акцыя салідарнасці 16 студзеня прайшла ў цэнтры Менска пад наглядам дзесяткаў супрацоўнікаў АМАПа ў цывільным.

50 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фонту», «Маладой Беларусі», «Моладзі БНФ» і «Маладых дэмакратаў» прышлі ў 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска, каб запатрабаваць ад уладаў вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў супраць апазіцыі.

Акцыя прайшла ў нетрадыцыйным фармаце – яе ўдзельнікі сталі не як звычайна ўздоўж праспекта Незалежнасці, а на прыступках Палаца прафсаюзаў. Людзі трымалі партрэты палітычных вязняў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага, расцяжку «Свабоду палітвязням!», нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі і сцяг Еўрапейскага Звяза. Гучалі заклікі «Не рэпрэсіям!», «Свабоду палітвязням!», «Не палітычнаму тэрору!», «Жыве Беларусь!».

Перад тымі, хто сабраўся, праз мегафон выступілі актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Алег Ладуцька і лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч. Моладзевыя актывісты падкрэслілі, што сёння беларускаму народу як ніколі неабходная салідарнасць, паколькі ў краіне будзе выбарчая прэзідэнцкая кампанія, падчас якой улады традыцыйна ўзмацняюць рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Паводле іх словаў, 2010-ы год можа стаць апошнім годам дыктатуры, і беларусы павінны актыўна адстойваць сваё права на свабоду, выходзячы на мірныя вулічныя акцыі пратэсту.

Супрацоўнікі АМАПа ў цывільным, якіх на плошчы было некалькі дзесяткаў, спрабавалі вырваць з рук моладзевых лідэраў мегафон, пашкодзіўшы ў выніку мікрафон. Затым яны вырвалі з рук удзельнікаў акцыі бел-чырвона-белыя сцягі.

Акцыя доўжылася 30 хвілінаў – яе сведкамі сталі вялікая колькасць менчукоў, якія ў гэты час знаходзіліся на катку на Кастрычніцкай плошчы. Пасля заканчэння мерапрыемства адзін з каардынатараў «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель заклікаў беларусаў выйсці на плошчу 8 лютага – ва ўгодкі арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.

«Я заклікаю выйсці ўсіх на Кастрычніцкую плошчу Менска 8 лютага ў 18.00. У гэты дзень год таму былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка. Заклікаю ўсіх выказаць ім сваю падтрымку і салідарнасць. Кожны з нас, тут прысутных, прайшоў праз рэпрэсіі, шмат хто былі ў турмах, і ўсе мы ведаем, як важна ў цяжкі момант ведаць, што хтосьці на волі змагаецца за цябе. Сёння, таксама як і ў іншыя дні салідарнасці, мы ўбачылі, як нервова рэагуе ўлада на тое, што мы збіраемся на гэтай плошчы, як яна баіцца мірных вулічных акцыяў пратэсту. Гэта яшчэ раз паказвае нашу сілу і сілу нашай салідарнасці», - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org адзін з каардынатараў «Еўрапейскай Беларусі».

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Апошнія навіны