Літва запатрабуе ў Расеі кампенсацыю за агрэсію СССР
- 20.01.2010, 8:45
Літоўскі Cейм прагаласаваў за рэзалюцыю, прапанаваную дэпутатам Рыцісам Купчынскасам.
У дакуменце ўтрымліваецца заклік да ўрада афіцыйна звярнуцца да Расеі з патрабаваннем выплаціць кампенсацыю асобам, якія пацярпелі падчас трагічных падзеяў 11-13 студзеня 1991 года, перадае РБК.
Прапаноўваецца пры гэтым дамагчыся, каб кампенсацыі былі выплачаныя да 20-й гадавіны тых падзеяў, гэта значыць да студзеня 2011 года.
У адказ на заўвагі, ці не варта гэтае пытанне ўзняць разам з тэмай кампенсацыі за шкоду ў гады «савецкай акупацыі», Купчынскас патлумачыў, што гэта розныя тэмы, і ў гэтым выпадку гаворка ўжо ідзе пра агрэсію супраць незалежнай дзяржавы. Пра гэта і кажацца ў тэксце рэзалюцыі. Паколькі Расея з'яўляецца правапераемніцай СССР, дык ёй і належыць аплаціць нанесеную падчас агрэсіі шкоду.
Цікава, што ў тэксце рэзалюцыі не пазначаная ні канкрэтная сума кампенсацыі, ні колькасць пацярпелых, на якіх яна распаўсюджваецца. Падчас абмеркаванняў на гэта звярнулі ўвагу некаторыя дэпутаты, аднак прынялі пазіцыю аўтара, паводле якой гэтыя пытанні павінны стаць тэмай міжурадавых перамоваў.
Нагадаем, прычынай трагедыі 1991 года стала абвяшчэнне парламента Літвы аб незалежнасці. Цэнтральныя ўлады СССР палічылі, што гэтае рашэнне супярэчыць канстытуцыі. Калі ў Вільні пачаліся акцыі пратэсту, туды былі перакінутыя байцы спецпадраздзяленняў, якія занялі шэраг стратэгічных аб'ектаў.
13 студзеня войскі захапілі Віленскую тэлевежу, будынак Камітэта радыё і тэлебачання. Пры штурме тэлевізійнай вежы загінулі 14 чалавек, каля тысячы атрымалі раненні.
Зараз 13 студзеня адзначаецца ў Літве як Дзень абаронцаў свабоды.