Ярмошына: «Я - не Юлія Цімашэнка» (Фота)
- 21.01.2010, 13:58
Старшыні Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай не падабаецца, як апранаецца прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка.
«Спадарыня Цімашэнка не з'яўляецца маім ідэалам», - сказала кіраўнік беларускага ЦВК журналістам у чацвер, перадае «Інтэрфакс».
У прыватнасці, як лічыць Ярмошына, «жанчына-палітык, бізнэс-ледзі павінна апранацца крыху інакш». Акрамя таго, адказваючы на пытанне, датычнае магчымасці свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, Ярмошына з іроніяй заўважыла: «Я не паспею да гэтага часу адпусціць касу».
Як раней паведамляў сайт charter97.org, на днях кіраўнічка ЦВК Беларусі заявіла, што яна «член каманды Лукашэнкі». «Таму колькі патрабуе кіраўнік дзяржавы, я буду займаць гэты пост», - заявіла Ярмошына.
Усе выбарчыя кампаніі, якія праводзяцца ў Беларусі з 1996 года, прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Зыходзячы з гэтага, Лукашэнка не лічыцца легітымным прэзідэнтам з 1999 года. Тым не менш, на непрызнаным міжнароднай супольнасцю рэферэндуме 2004 года ён надзяліў сябе правам выбірацца прэзідэнтам неабмежаваную колькасць разоў. За фальсіфікацыю вынікаў выбараў і рэферэндумаў кіраўнічка ЦВК Лідзія Ярмошына занесеная ў спіс неўяздных у краіны Еўразвяза і ЗША.