Хілары Клінтан: Дзяржаўная цэнзура ў інтэрнэце недапушчальная
- 22.01.2010, 9:17
Дзяржсакратар ЗША выступіла ў Вашынгтоне з прамовай, у якой выказала падтрымку свабодзе слова ў інтэрнэце.
Па словах Хілары Клінтан, інтэрнэт павінен быць «адзіным» для ўсіх карыстальнікаў, і кожны карыстальнік павінен мець роўны доступ да яго, перадае словы дзяржсакратара ЗША «Радыё Свабода».
Адначасова Хілары Клінтан асудзіла кібератакі ў інтэрнэце і заклікала ўсе краіны да супрацоўніцтва ў супрацьдзеянні такім атакам.
«Краіны ці асобы, якія арганізоўваюць кібератакі, павінны панесці адказнасць і сустрэць міжнароднае асуджэнне. Ва ўзаемазвязаным свеце атака на камунікацыйныя сеткі адной дзяржавы павінна разглядацца як атака на ўсіх», -- заявіла дзяржсакратар ЗША.
Выступ Клінтан прагучаў пасля таго, як кампанія Google абвінаваціла кітайскія ўлады ў арганізацыі кібератакі супраць акаўнтаў кітайскіх праваабаронцаў на дамене Gmail. Клінтан заклікала Кітай правесці дакладнае і празрыстае расследаванне гэтага абвінавачвання.
У сваёй прамове Хілары Клінтан таксама абвінаваціла цэнзуру ў Інтэрнэце, называючы тры краіны, якія, паводле яе словаў, такую цэнзуру ўжываюць у нашмат большай ступені, чым іншыя: Кітай, Туніс і Узбекістан.
Нагадаем, 14 снежня 2009 года ў распараджэнне беларускіх СМІ патрапіў праект указа «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт». Праект указа значна ўзмацняе жорсткасць нагляду ўладаў за інтэрнэт-карыстальнікамі і ўводзіць шэраг новых умоваў функцыянавання Байнэту.
У скандальным дакуменце ідзе гаворка пра блакаванне сайтаў паводле рашэння дзяржаўных органаў, ідэнтыфікацыю карыстальнікаў Сеткі, прыцягненне да адказнасці распаўсюджвальнікаў інфармацыі ў інтэрнэце, а таксама дзяржаўную рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ.
Паводле першапачатковага праекту ўказу, хостынг беларускіх рэсурсаў абавязкова пераносіцца ў Беларусь, а каб выйсці ў інтэрнэт нават па беспарольным доступе, беларусам прыйдзецца спачатку прыйсці да правайдэра з пашпартам.